Пошук

24.05.2023 15:38   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Itour

24 мая адзначаецца Сусветны дзень малітвы ў інтэнцыі Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, устаноўлены па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI.

Гэтыму дню прысвечаны артыкул ватыканскай газеты L’Osservatore Romano, са зместам якога знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Дзень малітвы за Кітай быў прапанаваны Папам Бэнэдыктам XVI у знак блізкасці і клопату пра кітайскіх католікаў і ўпершыню праводзіўся ў 2008 годзе. Годам раней Бэнэдыкт XVI у сваім лісце да кітайскіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў выказаў прапанову, каб 24 мая — дзень, прысвечаны літургічнай памяці Найсвяцейшай Панны Марыі, успамогі хрысціянаў, якую так аддана ўшаноўваюць у санктуарыі Маці Божай Шэшаньскай у Шанхаі — мог стаць днём, калі «католікі ва ўсім свеце злучацца ў малітве за Касцёл у Кітаі».

Спецыяльна з гэтай нагоды Бэнэдыкт XVI напісаў малітву да Маці Божай Шэшаньскай, у якой звяртаўся да Апякункі Кітая і Азіі з просьбай весці народ Божы шляхам праўды і любові, молячы падтрымліваць намаганні ўсіх тых, хто ў Кітаі, сярод штодзённых клопатаў, не перастае верыць, спадзявацца і любіць, каб яны ніколі не баяліся абвяшчаць Хрыста свету.

Сёлета 17 мая ў санктуарыі Маці Божай Шэшаньскай Багародзіцы тысячы католікаў Шанхая ўжо адзначылі Дзень малітвы за Кітай, супольна прамовіўшы малітву, складзеную Бэнэдыктам XVI.

Шэшаньскі санктуарый, пабудаваны паміж 1924 і 1935 гадамі на ўзгорку ў 35 кіламетрах ад Шанхая, з’яўляецца першай базілікай на Далёкім Усходзе. Гэта месца дарагое і знаёмае шматлікім кітайскім католікам. У 1954 годзе на гэтым пагорку біскуп Гонг і ўсе святары Шанхайскай дыяцэзіі прынеслі прысягу на вернасць Касцёлу.

Новым станоўчым імпульсам для жыцця Каталіцкага Касцёла ў Кітаі стала падпісанае ў 2018 годзе Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай Часовае пагадненне аб прызначэнні біскупаў. Дамова стала плёнам доўгага працэсу, які распачаў Ян Павел ІІ, падтрымаў Бэнэдыкт XVI і завяршыў Папа Францішак.

У яго падрыхтоўцы браў удзел цяперашні Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч падчас сваёй працы ў складзе спецыяльнай місіі Святога Пасаду ў Ганконгу.

Як паведаміў партал Vatican News, падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду Папа Францішак запэўніў у сваёй блізкасці католікаў у Кітаі. «Сёння адзначаецца Сусветны дзень малітваў за Каталіцкі Касцёл у Кітаі. Ён супадае са святам Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якой аддаюць пашану і ўзносяць малітвы ў санктуарыі Маці Божай Шэшаньскай у Шанхаі. З гэтай нагоды я хацеў бы запэўніць у сваёй памяці і блізкасці нашых братоў і сясцёр у Кітаі, падзяляючы іх радасці і надзеі», — сказаў Святы Айцец.

Папа таксама скіраваў асаблівыя думкі да ўсіх церпячых у гэтай краіне: пастыраў і вернікаў, пажадаўшы, «каб у еднасці і салідарнасці паўсюднага Касцёла яны маглі адчуць суцяшэнне і падтрымку».

«Заахвочваю ўсіх маліцца да Бога, каб Добрая Навіна Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага, магла абвяшчацца ў сваёй паўнаце, прыгажосці і свабодзе, прыносячы плён для дабра Каталіцкага Касцёла і ўсяго кітайскага грамадства», — заклікаў Папа Францішак.

Абноўлена 24.05.2023 15:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця