Папа Францішак прызначыў айца Міколу Лучка OP дапаможным біскупам Мукачаўскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ва Украіне. Пра гэта 11 лістапада паведамілі ў Ватыкане.
Пра гэта паведамляе партал Credo. Сімвалічна тое, што намінацыя была абвешчана ў дзень успаміну святога Марціна Турскага, які з’яўляецца апекуном Мукачаўскай дыяцэзіі.
Гэта будзе першы біскуп дамініканін у каталіцкім епіскапаце Украіны. Біскуп Мікола Лучок паходзіць з Закарпацця і будзе служыць у роднай дыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне адбудзецца 10 снежня ў Мукачаве.
Мікола Лучок нарадзіўся 26 сакавіка 1974 г. у Мукачаве ў Закарпацці. У 1994 годзе ўступіў у Ордэн прапаведнікаў (дамінікане). Манаскую фармацыю праходзіў у Кошыцах, вывучаў тэалогію і філасофію ў Варшаве і ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 2003 годзе. Служыў у Санкт-Пецярбургу, Чарткове, Ялце, Хмяльніцкім і Львове.
Вядомы з дамініканскага душпастырства моладзі, душпастырства пакліканняў, рэкалекцыяніст, кансультант па кірунку «пазітыўная псіхатэрапія», атрымлівае адукацыю псіхатэрапеўта. Валодае ўкраінскай, венгерскай, славацкай, рускай, польскай і англійскай мовамі.
Мукачаўская рыма-каталіцкая дыяцэзія ўваходзіць у Львоўскую мітраполію лацінскага абраду і ахоплівае парафіі і структуры ў Закарпацкай вобласці.
Святы Ян Павел II у 1993 годзе заснаваў Апостальскую адміністратуру Закарпацце, Апостальскім адміністратарам якой прызначыў тагачаснага нунцыя арцыбіскупа Антоніо Франко. Яго наступнікам у 1997 годзе стаў біскуп Антал Майнек. Пасля таго, як 27 сакавіка 2002 года Ян Павел стварыў Мукачаўскую дыяцэзію, біскуп Антал стаў яе першым ардынарыем і да гэтага часу яе ўзначальвае.