9 лістапада ў катэдры нямецкага горада Ратцэбурга, дзе да 1989 года праходзіла мяжа паміж падзеленымі часткамі Германіі, адбудзецца ўрачыстае экуменічнае набажэнства з нагоды 30-годдзя падзення Берлінскага муру, на якім разам будуць маліцца католікі і евангелісты.
Ратцэбург, які знаходзіцца ў рэгіёне Гамбург, стане адным з чатырох месцаў уздоўж былой мяжы паміж ГДР і ФРГ, адкуль увечары 9 лістапада будзе весціся інтэрнэт-трансляцыя, падчас якой людзі, што жылі па розныя бакі мяжы, дадуць свае сведчанні. Гэтая ініцыятыва, з якой выступіў нямецкі ўрад, праходзіць пад дэвізам: «Нашу гісторыю піша будучыня».
У Берліне хрысціянскія супольнасці запрашаюць на вялікае «набажэнства шляху» ўздоўж былога муру, што дзесяцігоддзі падзяляў горад.
Увечары 8 лістапада ў берлінскім касцёле святога Маўрыцыя біскуп Апольскі на пенсіі Альфонс Носаль з Польшчы распавядзе пра ўнёсак Касцёла ў справу падзення Берлінскага муру. Пасля гэтага адбудзецца ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Берлінскі Хайнэр Кох.
Палітычныя змены ў былой ГДР часам называюць «пратэстанцкай рэвалюцыяй», пра што сведчаць здымкі перапоўненых кірхаў ва ўсходняй частцы Берліна, Дрэздэне і Лейпцыгу, адкуль вырушылі вялікія дэманстрацыі. У другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя шматлікія евангелісцкія супольнасці ў былой ГДР далі прытулак групам апазіцыі, як са спасылкай на нямецкае інфармацыйнае агенцтва KNA адзначае КАІ.
Паводле тагачасных падлікаў, на тэрыторыі ГДР з насельніцтвам каля 16 млн жыхароў налічвалася каля 5-і млн евангелістаў і каля мільёна католікаў. Як высветлілася пазней, іх было нашмат менш.
Гэта, аднак, не адмяняе таго факту, што менавіта хрысціянскія супольнасці ў былой ГДР былі адзінымі арганізацыямі, адносна незалежнымі ад дзяржавы, і для многіх людзей менавіта яны сталі не толькі прастораю свабоды думкі, але таксама месцам практыкавання дэмакратыі.
Евангелісцкія супольнасці на тэрыторыі ГДР у 70-я гады мінулага стагоддзя сталі часткаю дзяржаўнай структуры паводле прынцыпу «Царква ў сацыялізме». Гэтая формула павінна была адлюстроўваць месца хрысціянаў у грамадстве. З такім бачаннем, якое рэалізавалі некаторыя кіраўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў, не згаджалася шмат простых вернікаў, чыім сімвалам стаў евангелісцкі пастар з Цайца Оскар Брузэвіц, які ў 1976 г. здзейсніў акт самаспалення.
Для католікаў усходняй Германіі, якія былі «меншасцю ў меншасці», формула «Касцёл у сацыялізме» нават не разглядалася, сцвярджае KNA. У той час дзейнічала канцэпцыя кардынала Альфрэда Бэнгша († 1979 г.) з Берліна, паводле якой Касцёл у ГДР цалкам дыстанцаваўся ад усялякай палітыкі. Маладыя ў той час каталіцкія біскупы Ёахім Майснэр у Берліне і Ёахім Ванкэ ў Эрфурце прычыніліся да пэўнай адкрытасці Касцёла ў 1980-я гады, выразам чаго стала вялікая сустрэча католікаў у Дрэздэне ў 1987 годзе, а таксама ўдзел католікаў з ГДР у Экуменічным сходзе 1988–1989 гадоў.
Хоць Каталіцкі Касцёл на тэрыторыі ўсходняй Германіі займаў менш актыўную за пратэстанцкія супольнасці грамадскую пазіцыю, аднак шмат католікаў бралі ўдзел у апазіцыйных групах і палітычных партыях.
Калі пратэстанты аддавалі перавагу сацыял-дэмакратыі, то католікі сімпатызавалі хрысціянскай дэмакратыі. У выніку ў 1990 годзе шмат католікаў нечакана занялі важныя кіраўнічыя пасады: на чале ўсіх земляў за выключэннем Брандэнбурга былі менавіта католікі.
Такім чынам, пратэстанцкія супольнасці і Каталіцкі Касцёл разам адыгралі важную ролю ў справе падзення Берлінскага муру і аб’яднання Германіі.