Пошук

07.11.2019 10:18   Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by

Каталіцкая катэдра Найсвяцейшай Панны Марыі ў Токіо. Фота: en.wikipedia.org

Па словах арцыбіскупа Токіо Ісао Кікуці, намаганні Каталіцкага Касцёла па евангелізацыі японскага насельніцтва часта сутыкаліся з перашкодамі ў гэтым працэсе, але Касцёл усё яшчэ шукае і знаходзіць некаторыя спосабы абвяшчэння Евангелля.

Арцыбіскуп адказаў на пытанне Каталіцкага агенцтва навін (CNA) пра евангелізацыю ў Японіі і тое, чаму прарыў у асноўнае японскае грамадства такі цяжкі для рэлігіі, якая перажыла пераслед і генацыд у гэтай краіне пачынаючы з 1549 г.

Інтэрв’ю было ўзята за некалькі тыдняў да візіту папы Францішка ў краіну, які адбудзецца з 23 па 26 лістапада.

Як сказаў арцыбіскуп, «у японскім грамадстве цяжка адчуць прыкметны поспех у місіянерскай дзейнасці». Згодна з самымі апошнімі дадзенымі, прыблізна 35% японцаў лічаць будызм сваёй рэлігіяй, у той час як каля 3-4% з’яўляюцца прыхільнікамі сінтаізму ці звязаным з ім японскімі рэлігіямі.

Толькі 1-2% японцаў лічаць хрысціянства сваёй верай, і толькі каля паловы з іх з’яўляюцца католікамі.

Па словах арцыбіскупа, раней іншаземныя місіянеры пачыналі сваё служэнне з адкрыцця навучальных пакояў, збіраючы людзей праз урокі англійскай мовы і культуры. Цяпер жа яны заменены ініцыятывамі камерцыйных арганізацый. Адукацыя на замежнай мове стала магутным інструментам міжкультурнага ўплыву пасля Другой сусветнай вайны, запатрабаванай для высокааплатных пасадаў у міжнародным бізнесе і палітыцы, таму на роднай мове размаўляла ў Японіі толькі частка насельніцтва. Аднак з таго часу адукацыя на англійскай мове стала абавязковай у большасці школ.

Арцыбіскуп Такійскі Тарцызій Ісао Кікуці SVD. Фота: CNA

Акрамя таго, Японія сёння перапоўнена іншаземнымі школамі, вядомымі як eikaiwa. Разам з павелічэннем абавязковай англамоўнай адукацыі яны ў значнай ступені знішчылі супольнасць аматараў іншаземнага, якая калісьці была асновай каталіцкай місіянерскай дзейнасці.

Як адзначыў арцыбіскуп, каталіцкія школы ў гэтай краіне пачынаюць адмаўляцца ад ідэі культурнай адукацыі праз моўнае навучанне. «Каталіцкая школа можа быць месцам сустрэчы многіх маладых людзей, але, на жаль, за выключэннем нямногіх месцаў, яна не стала асяроддзем для місіянерскай дзейнасці», — сказаў ён.

Школы гістарычна разглядаліся як моцны плацдарм каталіцтва ў справе евангелізацыі японцаў.

У той час як колькасць парафій памяншалася і недахоп духавенства рабіўся ўсё больш сур’ёзнай праблемай, прэстыж каталіцкай сярэдняй школы і каталіцкага ўніверсітэта захаваўся і нават умацаваўся ў Японіі яшчэ з часоў Рэфармацыі Мэйдзі. Каталіцкія ўніверсітэты краіны, якія высока цаніліся за іх доступ да адукацыі заходняга ўзору і выкладчыкаў іншаземнага паходжання тады, калі Японія толькі пачынала ўзаемадзейнічаць са знешнім светам, па-ранейшаму карыстаюцца вялікай павагай.

Таксама ў апошнія гады Касцёл у Японіі займаўся праектамі па аказанні дапамогі падчас стыхійных бедстваў. Праз гэтыя намаганні, як кажа арцыбіскуп, «Касцёл надае першачарговае значэнне сведчанню Евангелля бачным чынам». «Канечне, гэтыя дзеянні не могуць адразу прывесці да атрымання хросту, але ёсць надзея, што многія людзі, да якіх дакрануўся дух Евангелля, сапраўды прыйдуць у Касцёл», — дадае іерарх.

Другі па сіле інструмент евангелізацыі, як адзначае арцыбіскуп Кікуці, — гэта каталіцкае насельніцтва, якое прыехала ў Японію з-за мяжы.

Іх большую частку складаюць у апошнія гады імігранты з Філіпін, якія прыцягваюцца да працы ў якасці выкладчыкаў англійскай мовы ў eikaiwa, дзіцячых садках і многае іншае. Філіпінцы — чацвёртая па велічыні іншаземная супольнасць у Японіі. Яны і іх сем’і складаюць тут значную частку вернікаў-католікаў, удзельнічаючы ў святой Імшы і інтэгруючыся ў рэлігійныя супольнасці як у вёсцы, так і ў горадзе.

«Таму важнай задачай, якой неабходна ўдзяліць прыярытэтную ўвагу, з’яўляецца заахвочванне католікаў — іншаземных грамадзянаў, якія пасяліліся ў Японіі, да ўсведамлення свайго місіянерскага паклікання», — адзначыў арцыбіскуп Кікуці. Ён лічыць, што менавіта духавенства павінна абуджаць у іх гэтае пачуццё місіянерскай духоўнасці.

Абноўлена 07.11.2019 10:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа