Пошук

23.10.2019 17:29   Паводле: Vatican News
Фота: bbc.com

У трансільванскім горадзе Блажэ, цэнтры Грэка-Каталіцкай Царквы ў Румыніі, адбылася першая ў краіне канферэнцыя па дэманалогіі і экзарцызму, арганізаваная факультэтам тэалогіі Дзяржаўнага ўніверсітэта Бабеша – Байяі.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, на міжнародным сімпозіуме «Дэманалогія сёння: тэалагічныя асновы і практычныя аспекты» прагучалі выступленні тэолагаў, біблістаў, экзарцыстаў, гісторыкаў, касцёльных юрыстаў і патролагаў з Румыніі і Італіі. Напярэдадні канферэнцыі яе італьянскія ўдзельнікі сустрэліся з кардыналам Лучыянам Мурэшанам, Вярхоўным арцыбіскупам Фэгэраша и Алба-Юліі, які між іншым выказаў надзею на аднаўленне пастырскай увагі да экзарцызму — сапраўднаму служэнню суцяшэння ва ўсё больш складаным і пакутуючым грамадстве.

Гэтая злабадзённая тэма была закранута і на нядаўняй пленарнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў у Румыніі. У прыватнасці, падчас яе старшыня Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў а. Франчэско Бамонтэ распавёў, як праходзіць навучанне і павышэнне кваліфікацыі прэзбітэраў — членаў асацыяцыі, у якую ўваходзяць каля 400 экзарцыстаў ва ўсім свеце.

На канферэнцыі ў Блажэ асвятляліся некаторыя аспекты і патрэбы, звязаныя з румынскімі рэаліямі. Мясцовыя дыяцэзіі не заўсёды маюць уласнага экзарцыста, прызначанага біскупам для гэтага далікатнага служэння. Больш за тое, адлегласці і сувязь паміж дыяцэзіямі ўскладняюць для вернікаў пошук таго, хто лепш за іншых зразумее іх пакуты.

У той жа час Румынія, у святле найноўшай гісторыі, з’яўляецца, па словах дакладчыкаў, «унікальнай лабараторыяй» для разумення стратэгій і дынамікі таямніцы беззаконнасці.

Гісторыя мучанікаў Касцёла візантыйскага і лацінскага абрадаў, жорсткі камуністычны пераслед, абсалютная ступень зла, праяўленая турэмнымі катамі з-за нянавісці да веры ў Бога, як уяўляецца, знаходзяць тлумачэнне ў свядомай прыхільнасці мноства людзей да зла і яго натхняльніка.

Удзельнікі сімпозіума адзначылі таксама, што асаблівасцю Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца адсутнасць абраду экзарцызму, які быў распрацаваны на працягу стагоддзяў Касцёлам лацінскага абраду.

Яны выказалі надзею, што ў будучыні Міжнародная асацыяцыя экзарцыстаў дапаможа ў арганізацыі тэматычных семінараў на тэалагічных факультэтах, у семінарыях і ў межах праграм пастаяннай адукацыі духавенства.

Было вырашана, што міжнародныя канферэнцыі па дэманалогіі і служэнні экзарцызму будуць праходзіць у Румыніі штогод; акрамя таго, тэмы, якія абмяркоўваюцца на сімпозіуме, могуць стаць яшчэ адным зыходным пунктам для тэалагічных і пастырскіх разважанняў на чарговай сесіі Сіноду Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якая праходзіць у Блажэ з 23 па 25 кастрычніка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця