Пошук

05.08.2019 13:49   Паводле: aleteia.org / Пераклад: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота: blog.schoolofnet.com

Тэксты ў Кітаі асаблівым чынам падрыхтоўваюцца і аўтарызуюцца. Зместам маніпулююць так, каб ён адпавядаў рэкамендацыям камуністычнай партыі, у сувязі з чым выдаляюць усе рэлігійныя спасылкі.

У межах барацьбы з «рэлігійнымі ўплывамі» на маладое пакаленне і адначасова гэтак званай «сінізацыі» рэлігіі кітайскія ўлады пачалі выдаляць усе спасылкі на Бога, Біблію і рэлігію з кніг для дзяцей і падлеткаў. Гэта датычыць як твораў кітайскіх аўтараў, так і сусветнай літаратуры, як пачатковых і сярэдніх школ, так і ўніверсітэтаў.

Усе спасылкі на веру замяняюцца словамі і паняццямі больш агульнымі ці падобнымі, але без відавочнай спасылкі на Бога, альбо, калі такая замена немагчымая, такія спасылкі наогул выдаляюцца.

На дадзены момант гэтыя рэкамендацыі закранулі чатыры апавяданні замежных аўтараў і шэраг кітайскіх класікаў.
 
Цэнзура кніг

Напрыклад, была зменена адна са сцэн вядомай казкі Ганса Крысціяна Андэрсэна «Дзяўчынка з запалкамі», якая з'яўляецца школьным чытаннем для вучняў пятага класа. У арыгінале, калі змёрзлая гераіня запальвае чарговую запалку, каб сагрэцца, у кожным зіхаценні агеньчыку яна бачыць падаючыя зоркі, кажучы, што кожная такая зорка — гэта душа, якая ўзносіцца на сустрэчу з Богам. У цэнзураваным тэксце сказана, што «калі падае зорка, чалавек пакідае гэты свет».

Рабінзон Круза, вядомы ўсім герой, створаны Даніэлем Дэфо, паводле кітайскай цэнзуры, не выратаваў тры копіі Бібліі з рэшткаў разбітага карабля, як піша аўтар, а паспеў уратаваць толькі «некалькі кніг». У п’есе «Дзядзя Ваня» Антона Чэхава няма ні малітвы ў царкве, ні слова «Хрыстос», якія ёсць у арыгінале.

А такія творы, у якіх сама назва відавочна паказвае на сувязь з рэлігіяй, а канкрэтна з хрысціянствам, у прыватнасці, такія творы сусветнай класікі, як «Сабор Парыжскай Божай Маці» Віктора Гюго, «Граф Монтэ-Крыста» Аляксандра Дзюма і «Уваскрасенне» Льва Талстога, падлягаюць канфіскацыі настаўнікамі.

Без веры ў Бога

Гэтыя мерапрыемствы праходзяць пад лозунгам «сінізацыі» рэлігіі, гэта значыць палітыкі, якая вядзецца камуністычнымі ўладамі.

Галоўная мэта такіх дзеянняў — працэс адаптацыі хрысціянскай рэлігіі да кітайскай культуры, у якой найважнейшым заданнем ставіцца максімальнае размыванне ўсяго, што мае адносіны да веры ў Бога.

Аб’ектам асаблівай крытыкі з’яўляецца хрысціянства, прадстаўленае камуністычнай прапагандай як рэлігія, чужая для культуры і традыцыі Кітая.

Галоўным «архітэктарам» і ідэолагам гэтай палітыкі з’яўляецца цяперашні прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін, які ў 2015 годзе заявіў, што калі рэлігіі ў гэтай краіне хочуць выжыць, яны павінны «кітаізавацца», дапасоўваючы сябе да кітайскай культуры і падпарадкоўваючыся ўладзе камуністычнай партыі краіны. Увесь гэты працэс суправаджаецца нацыяналістычным патрыятызмам і пагардай да «замежных» рэлігій, пераважна да хрысціянства.

На думку многіх назіральнікаў, прычынай цяперашняй антыхрысціянскай кампаніі з’яўляецца страх перад сцвярджэннямі некаторых сацыёлагаў (напрыклад, Фэнганг Ян), што Кітай «можа стаць да 2030 года самай хрысціянскай краінай у свеце».

Але ў той жа час гэта таксама спосаб абароны пекінскага рэжыму перад такімі ідэямі, як дэмакратыя, правы чалавека, справядлівасць.

Абноўлена 05.08.2019 14:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа