Першы выпуск навінаў Ватыканскага радыё на лацінскай мове выйдзе ў эфір 8 чэрвеня.
Штотыднёвая пяціхвілінная інфармацыйная праграма Hebdomada Papæ, notitiæ vaticanæ latine redditæ (Тыдзень Папы: ватыканскія навіны на лацінскай мове) будзе выходзіць у эфір на хвалях Radio Vaticana Italia. Інфармацыйны блок будзе гучаць па суботах у 12.32 і паўтарацца па нядзелях у 17.30. Ён будзе даступны таксама ў форме падкаста на партале Vatican News, паведамляе яго беларуская рэдакцыя.
Ініцыятыва з’яўляецца сумесным праектам Ватыканскага радыё і Аддзела лацінскіх тэкстаў Дзяржсакратарыяту, які займаецца напісаннем афіцыйных тэкстаў на старажытнай мове Касцёла.
«Гэта будзе сапраўдны інфармацыйны выпуск, з рэпартажамі і навінамі. Мы задумвалі яго не як настальгічны позірк у мінулае, але як выклік на шляху да будучыні»,
— заўважыў галоўны рэдактар Vatican News Андрэа Тарніелі. «Гэтым новым штотыднёвым выпускам мы хочам праз навіны даць новае жыццё мове Каталіцкага Касцёла, якая штодзённа ўжо гучыць на хвалях Ватыканскага радыё падчас св. Імшы, што трансліруецца раніцай», — дадаў ён.
Лаціна традыцыйна з’яўляецца асноўнай мовай у Каталіцкім Касцёле, хоць у апошні час сфера яе ўжывання моцна звузілася, і на змену мёртвай лаціне прыйшлі жывыя мовы. Тым не менш, з 2013 г. дзейнічае лацінамоўны акаўнт Папы ў «Твітары».