1 чэрвеня папа Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Казахстане і Сярэдняй Азіі. Яе сядзіба будзе знаходзіцца ў Карагандзе.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Апостальскім адміністратарам новастворанай касцёльнай тэрытарыяльнай адзінкі Пантыфік прызначыў мітрафорнага протаіерэя Васіля Гаверу, дагэтуль Дэлегата Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў для вернікаў на гэтай тэрыторыі.
Айцец Васіль Гавера нарадзіўся ў 1971 г. у Івана-Франкоўску ва Украіне. Вучыўся ў Люблінскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі і Люблінскім каталіцкім універсітэце. У 1997 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго распачаў душпастырскае служэнне ў Казахстане.
11 лістапада 2002 г. быў прызначаны Дэлегатам Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў для грэка-католікаў у Казахстане і Сярэдняй Азіі.