Пошук

24.04.2019 15:06   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Reuters
Фота Reuters

Езус замяніў закон расплаты на закон любові, нагадаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 красавіка прайшла на ватыканскай плошчы св. Пятра.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве «Ойча наш», Папа засяродзіў сваю ўвагу на словах: «як і мы адпускаем вінаватым нашым». Ён нагадаў, што чалавек заўсёды з’яўляецца даўжніком перад Богам, бо менавіта ад Яго мы атрымалі ўсё.

«Сапраўды, няма месца самаўзвышэнню, калі складаем далоні ў малітве. Не існуе ў Касцёле “self-made man” — людзей, якія зрабілі сябе самі. Мы ўсе даўжнікі перад Богам і перад шматлікімі людзьмі, якія падарылі нам спрыяльныя ўмовы для жыцця. Наша тоеснасць будуецца на аснове атрыманага дабра. У першую чаргу жыцця», — сказаў Папа.

Па яго словах, хто моліцца, той вучыцца казаць «дзякуй» і просіць Бога аб добразычлівасці да сябе.

«Як бы мы ні намагаліся, заўсёды застанецца велізарны доўг перад Богам, які ніколі не зможам аддаць: Ён любіць нас бясконца больш, чым мы любім Яго. І потым, як бы мы ні імкнуліся жыць згодна з хрысціянскімі настаўленнямі, у нашым жыцці заўсёды будзе штосьці, за што трэба будзе прасіць прабачэння: падумаем пра дні, праведзеныя ў гультайстве, пра моманты, калі крыўда заняла наша сэрца, і г.д. Гэта сітуацыі, на жаль, нярэдкія, якія прымушаюць нас усклікаць: “Пане, Ойча, адпусці нам правіны нашыя...”», — дадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Езус не толькі вучыць прасіць аб прабачэнні грахоў, але і ўмацоўвае гэту просьбу з дапамогай «бязлітаснага злучніка» «як» — «”як” і мы прабачаем нашым сябрам, людзям, што жывуць з намі, нашым блізкім, тым, хто зрабіў нам штосьці нядобрае». Такім чынам «адносіны вертыкальнай добразычлівасці з боку Бога праламляюцца і павінны перамяніцца ў новыя адносіны з нашымі братамі, гарызантальныя адносіны». «Добры Бог заклікае быць добрымі ўсіх нас», — сказаў Пантыфік.

«Але вельмі шчодрая Божая ласка, заўсёды патрабуе высілкаў. Хто шмат атрымаў, павінен навучыцца шмат даваць, а не захоўваць атрыманае выключна для сябе», — зазначыў ён.

«Невыпадкова, што Евангелле св. Мацвея, адразу пасля таго, як дорыць тэкст малітвы “Ойча наш”, сярод сямі выкарыстаных выразаў падкрэслівае менавіта той, які тычыцца братэрскага прабачэння: “Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых”», — дадаў Папа.

Па яго словах, прабачэнне бліжняму — гэта ўмова для атрымання прабачэння Бога. «Любоў выклікае любоў, прабачэнне выклікае прабачэнне», — адзначыў Папа. У якасці прыкладу ён прыгадаў евангельскую прыпавесць пра слугу, якому быў прабачаны доўг у дзесяць тысяч талантаў (пар. Мц 18, 21-35).

«Гэта сума, якую немагчыма было аддаць. Не ведаю, колькі б гэта было сёння, можа, каля сотні мільёнаў! Але здарыўся цуд: гэты слуга атрымаў не адтэрміноўку плацяжу, але поўнае спісанне доўгу. Якая неспадзяваная ласка! Але вось менавіта гэты слуга адразу ж накінуўся на свайго брата, які быў яму вінен сто дынараў — дробязь! — і, нават калі гэта была невялікая сума, не прыняў ні прабачэнняў, ні мольбаў. Таму, напрыканцы, гаспадар паклікаў яго і падверг асуджэнню, бо калі не намагаешся прабачаць, не будзеш прабачаны; калі не намагаешся любіць, не будзеш нават любімы», — нагадаў Святы Айцец.

«Езус уводзіць у чалавечыя адносіны сілу прабачэння. У жыцці не ўсё вырашаецца праз справядлівасць. Асабліва там, дзе трэба паставіць бар’ер для зла, неабходна любіць больш, чым належыць, каб даць пачатак гісторыі ласкі. Зло ведае свае помсты, а калі яго не спыніць, яно пагражае разліцца, затапіўшы ўвесь свет», — папярэдзіў Пантыфік.

Папа зазначыў: «Закон расплаты — тое, што ты зрабіў мне, я зраблю табе (...), — Езус замяняе законам любові: тое, што Бог зрабіў для мяне, я зраблю табе!»

«Бог дорыць кожнаму хрысціяніну ласку пісання новай гісторыі дабра ў жыцці сваіх братоў, асабліва тых, якія зрабілі нешта прыкрае і памылковае. Праз слова, абдымкі, усмешку мы можам перадаць іншым тое, самае каштоўнае, што атрымалі.

А што з’яўляецца тым самым каштоўным, што мы атрымалі? — Прабачэнне, здольнасць адорваць прабачэннем таксама і іншых», — сказаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.