Пошук

10.04.2019 15:32   Паводле: Vatican News
Фота cath.ch

«Перад Богам мы ўсе грэшнікі, якія маюць патрэбу ў Яго прабачэнні», — падкрэсліў Святы Айцец 10 красавіка падчас агульнай аўдыенцыі, на якой ён працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве «Ойча наш».

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, папа Францішак зазначыў, што пасля просьбы аб штодзённым хлебе Езус вучыць казаць: «Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым».

«Як мы маем патрэбу ў хлебе, так маем патрэбу і ў прабачэнні. Штодзённа», — падкрэсліў Пантыфік.

«Хрысціянін, які моліцца, у першую чаргу просіць Бога, каб былі прабачаны яго правіны, яго грахі, яго кепскія ўчынкі. Гэта першая праўда кожнай малітвы: нават калі б мы былі дасканалымі асобамі, крыштальна святымі, якія ніколі не спатыкаюцца, мы заўсёды застанемся дзецьмі, абавязанымі ўсім Айцу. Якая самае небяспечная пастава ў хрысціянскім жыцці? — Пыха! Гэта стаўленне чалавека, які становіцца перад Богам і думае, што мае ўпарадкаваныя рахункі з Ім, думае, што мае ўсё на сваім месцы», — сцвердзіў Папа.

У сувязі з гэтым ён прыгадаў евангельскую прыпавесць пра фарысея, якія ўзвышаў сябе ў малітве, і мытніка, які не адчуваў сябе годным проста ўвайсці ўнутр святыні і цалкам даверыўся Божай міласэрнасці.

«Менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы»: прабачаны, збаўлены. Чаму? Таму што не быў пыхлівым, таму што прызнаваў сваю абмежаванасць і грахі», — патлумачыў Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што існуюць грахі бачныя і нябачныя, грахі відавочныя і грахі каварныя, якія затойваюцца ў сэрцы, існуюць незаўважанымі.

Найгоршы з іх — гэта пыха, якая можа заразіць і тых людзей, якія вядуць інтэнсіўнае рэлігійнае жыццё.

Гэта грэх, які стварае падзел паміж братамі, які прымушае нас лічыць сябе лепшымі за іншых, падобнымі да Бога.

Францішак нагадаў, што перад Богам «мы ўсе грэшнікі і маем усе прычыны біць сябе ў грудзі, як той мытнік у святыні». Ён прыгадаў словы з Першага паслання св. Яна: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе» (1 Ян 1, 8).

«Мы з’яўляемся даўжнікамі, у першую чаргу таму, што атрымалі шмат у гэтым жыцці: само жыццё, бацьку і маці, сяброўства, цуд стварэння…

Нават калі ўсім даводзіцца перажываць цяжкія дні, мы павінны памятаць заўсёды, што жыццё — гэта ласка, гэта цуд, які Бог стварыў з нічога», — падкрэсліў Пантыфік.

«Другая прычына, чаму мы з’яўляемся даўжнікамі, у тым, што нават калі мы здольныя любіць, ніхто з нас не можа рабіць гэта толькі дзякуючы сваім уласным сілам. Мы можам па-сапраўднаму любіць, але толькі з дапамогай Божай ласкі. Ніхто з нас не выпраменьвае ўласнага святла.

Mysterium Lunæ — таямніца Месяца — прысутнічае не толькі ў тоеснасці Касцёла, але і ў гісторыі кожнага з нас. Што значыць mysterium Lunæ? Гэта як Месяц, які свеціць не сам, а адлюстроўвае святло Сонца. Таксама і мы не выпраменьваем святло самі: святло, якое маем, — гэта адлюстраванне Божай ласкі, Божага святла.

Калі любіш — гэта таму, што нехта побач з табой усміхнуўся табе, калі ты быў дзіцем, навучыў цябе адказваць з усмешкай. Калі любіш — гэта таму, што хтосьці побач абудзіў цябе да любові, дапамог табе зразумець, што ў ёй заключаны сэнс жыцця», — сказаў папа Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што, калі слухаеш гісторыі людзей, якія зрабілі шмат памылак у жыцці, напрыклад, вязняў, асуджаных, наркаманаў, часам узнікае пытанне: ці акрамя іх асабістай адказнасці не стаіць за гэтым нейкая гісторыя нянавісці ці адзіноты, якую яны носяць у душы?

«Гэта mysterium Lunæ: мы любім у першую чаргу таму, што нас любілі; прабачаем, таму што былі прабачаны.

І калі нехта не быў асветлены святлом сонца, становіцца халодным, як зямля ўзімку», — адзначыў Папа.

«Як не распазнаць у ланцужку любові, які нас апярэджвае, прысутнасць Божага Провіду? Ніхто з нас не любіць Бога так, як Ён любіць нас. Дастаткова стаць перад укрыжаваннем, каб убачыць дыспрапорцыю! Ён нас палюбіў і заўсёды любіць першы», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак заклікаў вернікаў не пераставаць лічыць сябе даўжнікамі Бога і прасіць аб Яго міласэрнасці.

Абноўлена 10.04.2019 15:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця