Пошук

27.03.2019 16:48   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява / clipart-library.com

Езус вучыць нас прасіць хлеба не толькі для сябе, але для ўсёй братняй супольнасці свету, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 сакавіка прайшла ў Ватыкане.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя партала Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш», гэтым разам Папа засяродзіў увагу на словах: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». Яны нагадваюць, што чалавек не з’яўляецца самадастатковым стварэннем, што ён мае штодзённую патрэбу ў харчаванні.

Паводле Святога Айца, «усё чалавечае жыццё з яго самымі канкрэтнымі і штодзённымі праблемамі можа стаць малітвай», а Езус ніколі не абмінаў просьбаў і пакут людзей.

Таксама і вернікаў Ён вучыць прасіць аб штодзённым хлебе ў еднасці з людзьмі, для якіх гэтая малітва становіцца крыкам, што часта трымаецца ўнутры і суправаджаецца штодзённай трывогай.

«Колькі маці і бацькаў таксама і сёння кладуцца спаць з трывогай, бо не маюць дастаткова хлеба, каб заўтра накарміць сваіх дзяцей. Уявім, як гэтая малітва прамаўляецца не ў бяспецы камфортнай кватэры, але ў нястачы пакою, дзе трэба задавольвацца тым, што ёсць, дзе няма неабходнага для жыцця. Тут словы Хрыста набываюць новую сілу. Хрысціянская малітва пачынаецца на гэтым узроўні. І гэта не практыкаванне для аскетаў. Яна бярэ свой пачатак у рэальнасці, у сэрцы і целе людзей, якія жывуць у патрэбе, або тых, хто падзяляе сітуацыю людзей, што не маюць неабходнага для жыцця», — заўважыў Пантыфік.

«Нават самыя вялікія хрысціянскія містыкі не могуць абстрагавацца ад гэтай просьбы: „Ойча, зрабі, каб мы і ўсе людзі мелі неабходны хлеб“.

„Хлеб“ — гэта таксама вада, лекі, дом, праца…» — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён падкрэсліў, што ў малітве хрысціяне просяць Бога, каб даў хлеб не «мне», а «нам».

«Гэтага хоча Езус. Ён вучыць нас прасіць аб хлебе не толькі для сябе, але і для ўсёй братняй супольнасці свету. Калі не маліцца падобным чынам, «Ойча наш» перастае быць хрысціянскай малітвай. Калі Бог — гэта наш Айцец, як мы можам станавіцца перад Ім, не трымаючыся за рукі? І калі хлеб, які Ён дае нам, мы крадзем адно ў аднаго, як можам называць сябе Яго дзецьмі?» — задаў пытанне папа Францішак.

«Гэтая малітва прадугледжвае эмпатыю і салідарнасць. У маім голадзе я адчуваю голад многіх і таму малюся да Бога, каб іх малітва была пачута. Так Езус вучыць сваю супольнасць, свой Касцёл, узносіць да Бога патрэбы ўсіх: „Мы ўсе Твае дзеці, Ойча, змілуйся над намі“», — дадаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што аднойчы ў кожнага чалавека спытаюцца, як ён на працягу свайго жыцця распараджаўся хлебам, падараваным усяму чалавецтву: ці падзяліўся ім з бліжнім, ці спажываў яго сам?

Папа прыгадаў евангельскую гісторыю пра тое, як Езус размножыў хлябы і рыбу, якімі адзін хлопец вырашыў падзяліцца з усімі.

«Гэты хлопец зразумеў урок малітвы „Ойча наш“, што хлеб — гэта не прыватная ўласнасць, а дар провіду, якім з Божай ласкай трэба дзяліцца», — сказаў Пантыфік.

«Сапраўдны цуд, які ў той дзень учыніў Езус, — гэта не столькі размнажэнне, якое было сапраўдным, а дзяленне: дайце Мне тое, што маеце і Я зраблю цуд. Ён сам, размнажаючы гэты хлеб, які Яму далі, апярэдзіў ахвяраванне сябе ў Эўхарыстычным хлебе. Сапраўды, толькі Эўхарыстыя можа наталіць бясконцы голад і жаданне Бога, якое мае кожны чалавек, у тым ліку ў пошуку штодзённага хлеба», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа прывітаў групы пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.

Абноўлена 27.03.2019 17:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа