Божая воля, уцелаўлёная ў Езусе, у тым, каб шукаць і збаўляць тое, што загінула, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 сакавіка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя паратала Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш», Пантыфік гэтым разам засяродзіў увагу на словах «будзь воля Твая», якія, паводле яго, разам з першымі дзвюма малітоўнымі просьбамі: «свяціся імя Тваё» і «прыйдзі валадарства Тваё» ўтвараюць своеасаблівы трыпціх.
Святы Айцец заўважыў, што ўсім чалавечым клопатам папярэднічае няспынны клопат Бога пра чалавека і свет. Ён прывёў у доказ евангельскае апавяданне пра грэшніка Закхея, які залез на дрэва, каб убачыць Езуса, не ведаючы, што Бог пачаў шукаць яго значна раней, таму што «Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула» (Лк 19, 5.10).
«Вось Божая воля, аб спаўненні якой мы молімся.
Якой з’яўляецца Божая воля, уцелаўлёная ў Езусе? — Шукаць і збаўляць тое, што загінула. А мы ў малітве просім, каб Бог у сваіх пошуках дасягнуў добрага выніку, каб споўнілася Яго паўсюдная задума збаўлення: спачатку ў нас, а потым ва ўсім свеце»,
— сказаў Папа.
Ён зазначыў, што на старонках Бібліі і ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла шмат гаворыцца пра добрую волю Бога ў адносінах да свету, і нагадаў словы св. Паўла, які пісаў: «Бог хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4). Папа падкрэсліў, што Божая воля — збаўленне чалавека, людзей, кожнага з нас, менавіта па гэтай прычыне вернікі, калі моляцца «Ойча наш», не павінны схіляць галовы на падабенства слуг і нявольнікаў.
«Бог хоча, каб мы былі свабоднымі, а Яго любоў нас вызваляе», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
«„Ойча наш“ — гэта насамрэч малітва дзяцей, а не рабоў; дзяцей, якія ведаюць сэрца свайго айца і ўпэўненыя ў яго задуме любові. Гора нам, калі, прамаўляючы гэтыя словы, мы паціскаем плячыма на знак гатоўнасці да лёсу, які лічым брыдкім і непазбежным. Наадварот, гэта малітва, поўная гарачага даверу да Бога, які хоча для нас дабра, жыцця, збаўлення. Гэта — мужная малітва, нават ваяўнічая, таму што ў свеце ёсць шмат, занадта шмат таго, што не адпавядае Божай задуме. Мы ўсе гэта ведаем», — сказаў Папа.
«Перафразуючы прарока Ісаю, мы можам казаць: „Ойча, тут вайна, злоўжыванні, эксплуатацыя; але мы ведаем, што Ты хочаш нашага дабра, таму ўсклікаем да Цябе: будзь воля Твая! Пане, змяні задумы свету, перакуй мячы на плугі, а дзіды на сярпы, каб ніхто больш не вучыўся ваяваць! Бог хоча міру!» — дадаў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што «Ойча наш» — гэта малітва, якая распальвае ў нас такую любоў да Божай волі, якую меў Езус; полымя, якое падштурхоўвае змяняць свет з любоўю. «Хрысціянін не верыць у непазбежны „лёс“. У веры хрысціянаў няма выпадковасці, але ёсць збаўленне, якое чакае, каб аб’явіцца ў жыцці кожнага чалавека і споўніцца ў вечнасці.
Калі мы молімся, то робім гэта, бо верым, што Бог можа і хоча перамяніць рэчаіснасць, перамагаючы зло дабром. Гэтаму Богу мае сэнс быць паслухмянымі і давяраць нават у гадзіны самых цяжкіх выпрабаванняў», — сцвердзіў папа Францішак.
«Такі ж давер да Бога меў Езус, калі маліўся ў Аліўным садзе, просячы: "Не Мая воля, а Твая няхай станецца"», — падкрэсліў Папа.
«Езус быў раздаўлены злом свету, але з даверам кінуўся ў акіян любові Божай волі. Таксама і мучанікі ў сваіх выпрабаваннях шукаюць не смерці, але таго, што ёсць пасля смерці, уваскрасення. З любові Бог можа весці нас па цяжкіх сцежках, можа даць спазнаць раны і балючыя церні, але не пакіне нас ніколі. Ён заўсёды будзе з намі, побач з намі, унутры нас. Для вернікаў гэта больш, чым надзея: гэта ўпэўненасць», — перакананы Святы Айцец.
На заканчэнне катэхезы Папа заклікаў вернікаў разам памаліцца «Ойча наш», пасля чаго прывітаў групы пілігрымаў з розных краін свету.