Пошук

07.03.2019 11:06   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота. fanpage.it

Божае Валадарства ўстанаўліваецца не з дапамогай насілля. Стыль Бога — гэта паступовае пашырэнне і лагоднасць, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі на пачатку Вялікага посту 6 сакавіка.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш», папа Францішак засяродзіўся на словах «прыйдзі валадарства Тваё». Яны выходзяць з сэрца самога Хрыста, які пачаў сваё прапаведванне ў Галілеі, абвяшчаючы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), — нагадаў Папа словы Збаўцы з Евангелля паводле Марка.

«Гэтыя словы з’яўляюцца не пагрозай, а, наадварот, радаснай весткай, радасным пасланнем.

Езус не хоча прымушаць людзей да навяртання, сеючы страх перад пагрозай Божага суду, ці да пачуцця віны за зло, якое было ўчынена.

Езус не займаецца празелітызмам: Ён проста абвяшчае. Тое, што Ён прыносіць, наадварот, з’яўляецца Добрай Навіной збаўлення, і, пачынаючы ад яе, Ён заклікае да навяртання», — сказаў Папа.

«Кожны чалавек запрошаны паверыць у Евангелле: Божае Валадарства наблізілася да Яго дзяцей. <…> Езус абвяшчае гэтую цудоўную рэч, гэтую ласку: Бог Айцец нас любіць, Ён блізка да нас і вучыць нас ісці шляхам святасці», — дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што знакі прыйсця Божага Валадарства шматлікія і станоўчыя.

Езус пачынае сваё служэнне з клопату аб целе і душы хворых, адкінутых, такіх, як пракажоныя, грэшнікі, на якіх усе глядзелі з пагардай.

«„Прыйдзі валадарства Тваё!“ — з настойлівасцю паўтарае хрысціянін, калі моліцца „Ойча наш“. Езус прыйшоў, але свет яшчэ пазначаны грахом, населены людзьмі, якія пакутуюць, якія не прыміраюцца і не прабачаюць, войнамі і шматлікімі формамі эксплуатацыі: падумаем, напрыклад, пра гандаль дзецьмі. Усе гэтыя факты пацвярджаюць, што перамога Хрыста яшчэ не рэалізавалася цалкам: многія людзі яшчэ жывуць з закрытымі сэрцамі», — сказаў Папа.

«Менавіта ў такой сітуацыі з вуснаў хрысціяніна ўзносіцца другі заклік малітвы „Ойча наш“: „Прыйдзі валадарства Тваё!“ Гэта так, як сказаць: „Мы маем патрэбу ў Табе, Езу; маем патрэбу, каб усюды і заўсёды Ты быў Панам паміж намі!“» — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец заўважыў, што часам людзі не разумеюць, чаму Божае Валадарства марудзіць з надыходам. Каб растлумачыць гэта, ён нагадаў евангельскую прыпавесць, у якой Езус параўноўвае Божае Валадарства з полем, на якім добрае зерне расце побач з каласоўнікам.

«Найбольшай памылкай было б жаданне неадкладна ўмяшацца і вырваць са свету тое, што здаецца шкодным пустазеллем. Бог не такі, як мы, Ён мае цярплівасць.

Не з дапамогай насілля ўстанаўліваецца Валадарства ў свеце: яго стыль — гэта стыль паступовага пашырэння і лагоднасці», — падкрэсліў Пантыфік.

«Божае Валадарства — гэта, безумоўна, вялікая сіла: самая вялікая з тых, што існуюць, але не паводле крытэрыяў свету. Таму нам здаецца, што яно ніколі не мае абсалютнай большасці. Яно падобнае да закваскі, якая змешваецца з мукой: на першы погляд здаецца, што яна знікае, але менавіта яна робіць працэс заквашвання. Яно таксама падобнае да зерня гарчыцы: маленькага, амаль нябачнага, якое нясе ў сабе неверагодную сілу прыроды, а калі вырастае, становіцца вышэйшым за ўсе дрэвы ў садзе», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ў гэтым «лёсе» Божага Валадарства можна распазнаць узор жыцця Езуса: таксама і Ён «быў для сваіх сучаснікаў кімсьці нязначным, амаль невядомай падзеяй для афіцыйных гісторыкаў таго часу».

«Ён сам акрэсліў сябе як „пшанічнае зерне“, якое памірае ў зямлі, але толькі так можа даць „багаты плён“. Сімвал зерня красамоўны: аднойчы земляроб яго закопвае ў зямлю — гэты жэст нагадвае пахаванне, — а потым „спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае“. Зерне, якое ўзыходзіць, — гэта больш справа Бога, чым чалавека, які яго пасеяў», — сцвердзіў Пантыфік

«Бог апярэджвае нас заўсёды, Бог нас заўсёды здзіўляе. Дзякуючы Яму, пасля ночы Вялікай пятніцы наступае світанак Уваскрасення, здольны асвятліць надзеяй увесь свет», — дадаў папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што адказ на заклік «Прыйдзі валадарства Тваё» знаходзіцца ў самых апошніх радках Святога Пісання, у Апакаліпсісе: «Так, хутка прыйду. — Амэн. Прыйдзі, Пане Езу! Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі» (Ап 22, 20).

Абноўлена 07.03.2019 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця