У дыялогу з Богам няма месца для індывідуалізму, падкрэсліў Святы Айцец у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 лютага ў ватыканскай зале Паўла VI.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаны малітве «Ойча наш», папа Францішак нагадаў пра захаванне на малітве, якому Езус вучыў сваіх вучняў.
«Ён сказаў: калі молішся, увайдзі ў цішыню свайго пакоя, аддаліся ад свету і звяртайся да Бога, называючы Яго „Ойча“. Езус не хоча, каб Яго вучні былі як крывадушнікі, што моляцца, стоячы на плошчах, каб паказацца перад людзьмі. Езус не хоча крывадушнасці.
Сапраўдная малітва — гэта такая малітва, якая здзяйсняецца ў таемнасці сумлення, сэрца: схаваная, бачная толькі для Бога. Я і Бог.
Яна пазбягае фальшу: з Богам немагчыма прыкідвацца. Перад Богам ніводнае ўдаванне не мае сілы. Бог ведае нас такімі, з непрыхаваным сумленнем, прыкідвацца немагчыма», — сцвердзіў Папа.
«У вытоках размовы з Богам знаходзіцца ціхі дыялог, падобны на скрыжаванне позіркаў дзвюх асоб, які любяць адно аднаго: чалавека і Бога», — дадаў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што, нягледзячы на прыватны характар малітвы, у ёй не павінны ігнаравацца пакуты свету і людзей: як блізкіх, так і далёкіх.
«У таемнасці сумлення хрысціянін не пакідае свет за дзвярыма свайго пакою, але носіць у сэрцы людзей, сітуацыі, праблемы…», — адзначыў ён.
Святы Айцец заўважыў таксама, што ў галоўнай хрысціянскай малітве адсутнічае займеннік „я“, якому ў сучасную эпоху, а магчыма, нават заўсёды, надаецца велізарнае значэнне.
«Езус вучыць маліцца, маючы на вуснах, у першую чаргу, „Ты“, бо хрысціянская малітва — гэта дыялог: „свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая“ <…>. А потым пераходзіць да „нас“. Уся другая частка малітвы „Ойча наш“ скіравана ад імя першай асобы ў множным ліку: „хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашыя, не ўводзь нас у спакусу, вызвалі нас ад злога“. Нават самыя элементарныя просьбы чалавека, як просьба аб хлебе, каб наталіць голад, пададзены ў множным ліку», — растлумачыў пастыр паўсюднага Касцёла.
«У хрысціянскай малітве ніхто не просіць хлеба для сябе: „хлеба штодзёнага дай мне сёння“. Не! Дай нам! — Ён просіць для ўсіх, для ўсіх бедных у свеце», — падкрэсліў Пантыфік.
Паводле Папы, ў дыялогу з Богам няма месца для індывідуалізму.
«Няма засяроджанасці на ўласных праблемах, нібыта мы адзіныя, хто пакутуе ў гэтым свеце. Не можа быць малітвы, што ўзносіцца да Бога, акрамя той, якая ўзносіцца супольнасцю братоў і сясцёр», — дадаў ён.
«У малітве хрысціянін заносіць ўсе цяжкасці людзей, што жывуць побач з ім: калі наступае вечар, ён распавядае Богу пра пакуты, якія сустрэў на працягу дня; заносіць да Яго шматлікія абліччы сваіх сяброў і нават ворагаў; не ігнаруе іх, як небяспечныя перашкоды. Калі хтосьці не ўсведамляе, што вакол яго ёсць шмат людзей, якія пакутуюць; калі слёзы бедных не выклікаюць у ім літасці; калі ён неадчувальны да ўсяго, гэта значыць, што яго сэрца <…> каменнае.
У такім выпадку карысна прасіць Пана, каб дакрануўся да нас сваім Духам і зрабіў нашы сэрцы больш ласкавымі <…>.
Хрыстус не праходзіў абыякава побач з нястачамі свету: кожны раз, калі Ён сустракаў самотнасць, цялесныя і духоўныя пакуты, у Яго ўзнікала моцнае пачуццё спагады, як у сэрцы маці», — сказаў Пантыфік.
«Гэтае „адчуванне спагады“ — не забывайцеся пра гэты вельмі хрысціянскі выраз: „адчуванне спагады“, — адзін з ключавых выразаў Евангелля: гэта тое, што падштурхнула добрага самараніна наблізіцца да параненага чалавека, які ляжаў на ўзбочыне дарогі, у адрозненне ад іншых, якія мелі жорсткае сэрца», — сцвердзіў Святы Айцец.
Папа Францішак заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: ці адкрыты я для пакутаў іншых людзей; ці не ўспрымаю малітву ў якасці „абязбольвання“, неабходнага, каб прабываць у спакоі?
«У такім выпадку я стану ахвярай жудаснай памылкі. Вядома, што тады мая малітва не будзе хрысціянскай, бо гэтае „мы“, якому нас навучыў Езус, перашкаджае мне знаходзіцца ў спакоі ў самоце і дапамагае адчуваць сябе адказнымі за маіх братоў і сясцёр», — дадаў ён.
«Ёсць людзі, якія відавочна не шукаюць Бога, але Езус просіць нас маліцца таксама за іх, таму што Бог шукае гэтых людзей, больш за ўсіх іншых.
Езус не прыйшоў дзеля здаровых, але дзеля хворых і грэшнікаў: гэта значыць дзеля ўсіх, бо той, хто лічыць сябе здаровым, на самай справе такім не з’яўляецца.
Калі працуем на карысць справядлівасці, не будзем адчуваць сябе лепшымі за іншых: Айцец загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі. Айцец любіць усіх!», — нагадаў Папа.
«Будзем вучыцца ў Бога, які заўсёды добры да ўсіх, у адрозненне ад нас, у якіх атрымліваецца быць добрымі толькі з некаторымі, з тымі, хто нам падабаецца», — заклікаў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што ўмілаванымі братамі, якія паходзяць ад аднаго Айца, з’яўляюцца як святыя, так і грэшнікі.
«На змярканні жыцця мы будзем асуджаны паводле любові. Не толькі пачуццёвай любові, але спагадлівай і канкрэтнай, згодна з евангельскім правілам, не будзем забывацца пра яго: „Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі“», — сказаў на заканчэнне катэхезы папа Францішак.