Пошук

29.01.2019 11:01   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота. catholicworldreport.com

Аборты, сексуальнае выхаванне, цэлібат — гэта некаторыя тэмы прэс-канферэнцыі папы Францішка, якая прайшла падчас яго пералёту з Панамы ў Рым пасля завяршэння 27 студзеня Сусветных дзён моладзі. Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News.

«Мая місія — гэта місія св. Пятра, якая заключаецца ва ўмацаванні ў веры, — сказаў Пантыфік, адказваючы на пытанне пра тое, якія наступствы будзе мець яго візіт у Панаму. — Я не магу зрабіць рахунак місіі. Я станаўлюся перад Панам на малітве, заношу да Яго ўсё, што перажыў, і прашу Яго, каб Ён умацоўваў у веры праз мяне. Вось так я намагаюся жыць місіяй Папы», — дадаў Святы Айцец.

У сувязі з вялікай колькасцю выпадкаў ранняй цяжарнасці ў Панаме, Папу спыталі пра адносіны да сексуальнага выхавання ў навучальных установах. «Я думаю, што ў школах трэба даваць сексуальнае выхаванне.

Секс — гэта Божы дар, а не монстр. Ён з’яўляецца Божым дарам, прызначаным для любові, але калі нехта выкарыстоўвае яго, каб зарабляць грошы ці злоўжываць іншымі, гэта ўжо іншая праблема», — сказаў Папа.

«Сексуальнае выхаванне трэба даваць аб’ектыўна, без ідэалагічных каланізацый. Таму што, калі ў школах даецца сексуальнае выхаванне, прасякнутае ідэалагічнай каланізацыяй, знішчаецца асоба», — дадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што выхоўваць — значыць раскрываць лепшае ў чалавеку і суправаджаць яго. Для гэтага неабходны адпаведныя настаўнікі і падручнікі. «Я бачыў розныя: ёсць тыя, якія дапамагаюць сталенню, а ёсць такія, якія робяць шкоду», — дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што ў ідэале сексуальнае выхаванне павінна пачынацца дома, яго павінны даваць бацькі. «Гэта, аднак, не заўсёды магчыма па прычыне розных сямейных сітуацый ці таму, што яны не ўмеюць гэтага рабіць», — падкрэсліў папа Францішак.

Адзін з журналістаў папрасіў Папу пракаментаваць моцныя словы з асуджэннем абортаў, якія прагучалі падчас Крыжовага шляху ў Панаме. Ён спытаўся, ці гэтая пазіцыя паважае пакуты жанчын і ці адпавядае пасланню міласэрнасці.

«Пасланне міласэрнасці — для ўсіх, у тым ліку для асобы, якая развіваецца ва ўлонні. І пасля гэтага падзення [аборту] таксама існуе міласэрнасць. Але гэта няпростая міласэрнасць, бо праблема не ў тым, каб даць прабачэнне, але каб суправаджаць жанчыну, якая ўсвядоміла, што зрабіла аборт. Гэта жудасная драма, калі жанчына асэнсоўвае тое, што ўчыніла… Трэба быць у канфесіянале, там трэба даваць суцяшэнне, і таму я дазволіў усім святарам адпускаць грэх аборту», — сказаў Папа.

Паводле папы Францішка, жанчына, якая зрабіла аборт, павінна „сустракацца» са сваім дзіцяткам.

«Калі гэтыя жанчыны плачуць і перажываюць гора, я даю ім такую параду: тваё дзіця на нябёсах, размаўляй з ім, праспявай яму калыханку, якую не магла яму праспяваць. У гэтым знаходзіцца шлях прымірэння паміж маці і дзіцяткам. З Богам прымірэнне ўжо адбылося, таму што Бог прабачае заўсёды. Але яна таксама павінна ўсвядоміць тое, што здарылася. Каб добра зразумець трагедыю аборту, трэба знаходзіцца ў канфесіянале. Яна жудасная», — дадаў Пантыфік.

Чарговае пытанне датычылася прычын аддалення моладзі ад Касцёла. Папа Францішак заўважыў, што галоўная — гэта адсутнасць належнага сведчання з боку вернікаў, святароў і біскупаў. «Не кажу з боку Папаў, бо гэта занадта, але… таксама і гэта», — падкрэсліў ён.

«Калі пастыр становіцца прадпрымальнікам ці арганізатарам душпастырскага плану, калі ён не блізкі да людзей, тады не дае сведчанне пастыра. Пастыр павінен быць з народам.

Пастыр павінен быць наперадзе статку, каб указваць шлях. Ён павінен быць унутры статку, каб адчуваць пах людзей і разумець, што адчуваюць людзі, у чым яны маюць патрэбу. А таксама ён павінен быць напрыканцы статку, каб ахоўваць яго з тылу.

Але калі пастыр жыве без запалу, людзі адчуваюць сябе пакінутымі, у пэўным сэнсе адчуваюць, што імі пагарджаюць, адчуваюць сябе сіротамі», — перакананы Святы Айцец.

Папа таксама звярнуў увагу на адказнасць свецкіх вернікаў. «Свецкім я параіў бы: не кажы, што з’яўляешся католікам, калі не даеш сведчання. Замест гэтага можаш сказаць: я атрымаў каталіцкае выхаванне, але я непрактыкуючы, я жыву ў духу гэтага свету, не глядзіце на мяне як на прыклад», — заўважыў Папа.

Святога Айца спыталіся таксама аб магчымасці адмены цэлібату для святароў лацінскага абраду. «Мне прыходзяць на думку словы св. Паўла VI: „Аддаю перавагу таму, каб аддаць жыццё, перш чым змяніць закон аб цэлібаце“. Заўважце, што гэта вельмі мужныя словы, прамоўленыя ў 1968–1970 гг., у перыяд больш складаны, чым актуальны.

Асабіста я лічу, што цэлібат з’яўляецца дарам для Касцёла і не пагаджуся з тым, каб дазволіць факультатыўны цэлібат», — адказаў ён.

Папа дапусціў дыскусію аб гэтым пытанні толькі ў некаторых выключных сітуацыях і душпастырскіх патрэбах, напрыклад, якія існуюць на далёкіх астравах у Акіяніі, дзе цалкам адсутнічаюць святары.

«Маё рашэнне адносна факультатыўнага цэлібату: не! Я закрыты? Магчыма, але я не адчуваю сябе здольным стаць перад Богам з гэтым рашэннем», — дадаў ён.

Адказваючы на просьбу пракаментаваць лютаўскую сустрэчу старшынь епіскапатаў на тэму абароны непаўналетніх, папа Францішак заўважыў, што яна павінна стаць «катэхезай» для біскупаў, якая паспрыяе ўсведамленню трагедыі злоўжыванняў, а таксама пазнаёміць з тым, як рэагаваць на падобныя з’явы.

Святы Айцец зазначыў, што гаворка ідзе не толькі пра касцёльную, але пра агульначалавечую праблему, якая распаўсюджана паўсюль. «Таксама і мы, вырашаючы праблему ў Касцёле, дапаможам вырашыць яе ў грамадствах і сем’ях, дзе ўсё затойваецца па прычыне сораму», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Абноўлена 29.01.2019 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.