Пошук

17.01.2019 13:35   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Батлейка з пяску на плошчы св. Пятра. Фота: gelestatic.it

Батлейка з пяску Sand Nativity (Пясчаныя Каляды), падараваная папу Францішку італьянскай камунай Езала і патрыярхатам Венецыі, 16 студзеня за некалькі хвілін знікла пад ударамі экскаватарнага каўша.

«Пясок — бедны матэрыял, сімвалізуе прастату, нязначнасць, а таксама крохкасць», — сказаў папа Францішак тым, хто падараваў яму арыгінальную батлейку з пяску, якую падчас святаў Божага Нараджэння можна было ўбачыць на плошчы Св. Пятра. Яна за некалькі хвілін зноў ператварылася ў мільярды маленькіх пясчынак. Гэты пясок вернецца ў Езала, дзе зноў будзе выкарыстаны для стварэння Пясчаных калядаў у 2019 годзе.

Перш чым экскаватар разбурыў батлейку з пяску, карэспандэнт італьянскай рэдакцыі партала Vatican News Алессандро Дзі Бусала паразмаўляў з адказным праекту Sand Nativity 2018 Массімо Амбразінам.

«Гэта найбольш балючы момант, — кажа спадар Амбразін, — які здараецца кожны раз, калі мы ствараем скульптуру з пяску, якая нараджаецца і памірае. Гаворка ідзе пра момант разбурэння. Пра гэта цяжка казаць, але ён з’яўляецца часткай жыццёвага цыклу пясчанай скульптуры. Гэтая цудоўная скульптура неўзабаве ператворыцца ў купу пяску. Аднак гэты ж пясок атрымае новае жыццё, таму што з яго мы створым іншую скульптуру».

Супрацоўнікі каманды скульптараў Sultans od sand («Пясчаныя султаны») пад кіраўніцтвам амерыканца італьянскага паходжання Рычарда Варана павязуць свае батлейкі таксама за межы Італіі, каб рэкламаваць пляж Езала. Аднак, як сцвярджае Массімо Амбразін, кампазіцыя Sand Nativity, якая ўпрыгожвала плошчу Св. Пятра, застанецца ўнікальным і непаўторным праектам і захаваецца ў памяці і ў шматлікіх зробленых фотаздымках.

На думку арганізатараў, праект атрымаўся паспяховым, таму што, па іх падліках, твор наведалі больш за мільён чалавек. Пясчаная батлейка таксама стала значнай медыя-падзеяй, пра якую казалі мноства СМІ ва ўсім свеце.

Адказны Массімо Амбразін узгадаў і пра тое, як увечары 31 снежня пасля цэлебрацыі Te Deum у базыліцы св. Пятра пясчаную батлейку прыйшоў паглядзець папа Францішак. «Я ўбачыў выраз здзіўлення на твары Святога Айца, — кажа ён. — І гэта было самае моцнае пачуццё; мы сказалі адно аднаму: нам удалося здзівіць нават Папу, а значыць, мы зрабілі штосьці прыгожае».

Фота: Quotidiano.net

Абноўлена 17.01.2019 15:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.