Пошук

05.12.2018 14:48   Vatican News / Catholic.by

5 снежня на агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI папа Францішак распачаў новы цыкл катэхезаў, прысвечаных малітве «Ойча наш».

У першай катэхезе на гэтую заўсёды актуальную тэму Святы Айцец заўважыў, што на старонках Евангелля Езус паказаны як чалавек малітвы.

Нягледзячы на неадкладныя просьбы мноства людзей, Сын Божы адчуваў патрэбу ў прабыванні сам-насам з Айцом.

Пантыфік нагадаў, што першы дзень Езуса ў Кафарнауме завяршыўся трыумфальна. Нават калі зайшло сонца, мноства хворых прыходзілі да Яго дзвярэй, а Ён прапаведаваў і аздараўляў. «Споўніліся старажытныя прароцтвы і чаканні вялікай колькасці людзей, якія пакутавалі: Езус — гэта Бог блізкі, Бог, які вызваляе. Але гэты натоўп быў яшчэ малым, калі параўнаць яго з тым мноствам людзей, якія будуць збірацца вакол прарока з Назарэта. У пэўны момант гэта была акіянічная маса, а Езус быў у цэнтры ўсяго, людзі Яго чакалі, Ён быў рэалізацыяй надзеі Ізраэля», — звярнуў увагу Папа.

«Але Ён вырваўся, не стаў заложнікам чаканняў тых, хто практычна выбраў Яго лідарам. Гэта небяспечна для лідараў: празмерна прывязвацца да людзей, не захоўваць дыстанцыі. Езус усведамляў гэта і не стаў заложнікам людзей. Ад першай ночы ў Кафарнауме Ён прадэманстраваў, што з’яўляецца незвычайным Месіяй.

На досвітку, калі амаль пачало світаць, вучні яшчэ шукалі Яго, але не маглі знайсці, пакуль Пётр, нарэшце, не ўбачыў Яго ў адасобленым месцы, цалкам засяроджаным у малітве.

Ён сказаў: „Усе шукаюць Цябе!“ Гэты зварот, здаецца, з’яўляецца пацвярджэннем усеагульнага поспеху, доказам добрай рэалізацыі місіі», — адзначыў Пантыфік.

«Але Езус сказаў сваім, што павінен ісці ў іншае месца, што не людзі павінны Яго шукаць, але Ён, у першую чаргу, павінен шукаць людзей. Таму не павінен пускаць карані; Яму трэба заставацца пастаянным пілігрымам на дарогах Галілеі. А таксама пілігрымам да Айца: маліцца да Яго, ісці шляхам малітвы», — удакладніў Папа.

Па словах Пантыфіка, чытаючы некаторыя старонкі Святога Пісання, разумееш, што менавіта малітва Езуса, Яго блізкасць з Айцом, кіравала ўсім.

Асабліва яскрава гэта бачна ў апавяданні пра малітву ў Аліўным садзе, напярэдадні мукі. «Апошні этап шляху Езуса — абсалютна самы складаны з тых, якія Ён прайшоў дагэтуль, — здаецца, знайшоў свой сэнс у Яго няспынным слуханні Айца», — сказаў Папа. Ён дадаў, што гэта малітва дапамагла вытрываць і на Крыжовым шляху.

«Езус горача маліўся падчас публічных падзей, удзельнічаў у літургіі свайго народа, але шукаў таксама месцаў, якія спрыяюць рэфлексіі, аддаленых ад віру свету, месцаў, якія б дазволілі Яму ўвайсці ў глыбіню душы: Ён — прарок, які ведаў камяні пустыні і ўзыходзіў высока ў горы.

Апошнімі словамі Езуса, якія Ён прамовіў перад апошнім уздыхам на крыжы, былі радкі псальмаў: словы малітвы, юдэйскай малітвы. Ён маліўся так, як навучыла Яго Маці»,— падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік перакананы, што Езус маліўся, як кожны чалавек у свеце. Але ў тым, як Ён гэта рабіў, была пэўная таямніца, якую не маглі не заўважыць вучні. Менавіта таму яны звярнуліся да Яго з простай і непасрэднай просьбай: «Пане, навучы нас маліцца».

«І Езус не адмаўляе, Ён не раўнуе да сваёй блізкасці з Айцом», — наадварот, Ён прыйшоў дзеля таго, каб увесці чалавека ў гэтыя адносіны. Таму Ён становіцца настаўнікам малітвы для сваіх вучняў і, безумоўна, хоча ім быць таксама для ўсіх нас. Папа заклікаў вернікаў прасіць Хрыста па прыкладу вучняў: «Пане, навучы нас маліцца».

«Нават тады, калі, магчыма, мы молімся ўжо шмат гадоў, мы павінны пастаянна гэтаму вучыцца!

Малітва чалавека — гэта прагненне, якое нараджаецца ў яго душы настолькі натуральна, што з’яўляецца, напэўна, адной з самых глыбокіх таямніц сусвету.

І мы нават не ведаем, ці малітвы, якія скіроўваем да Бога, — гэта тое, што Ён хоча пачуць», — сказаў Папа.

«Біблія дае нам таксама сведчанне пра неадпаведную малітву, якую Бог не прымае: дастаткова ўзгадаць прыпавесць пра фарысея і мытніка. Толькі апошні з іх — мытнік — вярнуўся з святыні дамоў апраўданым, бо фарысей быў пыхлівым чалавекам, якому падабалася, калі людзі бачаць, як ён моліцца, і таму рабіў выгляд, што моліцца, меў халоднае сэрца. А Езус сказаў: гэты — не будзе апраўданы, „бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны“», — нагадаў Пантыфік.

Завяршаючы катэхезу, папа Францішак яшчэ раз запрасіў вернікаў звярнуцца да Хрыста: «Пане, навучы нас маліцца!» «А Ён, вядома, не дазволіць, каб гэта наша просьба засталася нявыслуханай», — запэўніў Святы Айцец.

Абноўлена 05.12.2018 15:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа