2 снежня ў кароткім разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» Святы Айцец звярнуў увагу на неабходнасць перажываць Адвэнт у чуванні і малітве, а таксама перасцярог ад спажывецкага падыходу да Божага Нараджэння.
«Сёння пачынаецца Адвэнт, літургічны перыяд падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, які кліча нас узняць вочы і адкрыць сэрцы, каб прыняць Езуса. Адвэнт мы перажываем не толькі ў чаканні Божага Нараджэння. Мы таксама запрошаны абудзіць чаканне хвалебнага вяртання Хрыста, калі Ён прыйдзе ў канцы часоў, рыхтуючыся да канчатковай сустрэчы з Ім праз паслядоўныя і смелыя рашэнні. Узгадваем Божае Нараджэнне, чакаем хвалебнага вяртання Хрыста і нашай асабістай сустрэчы ў дзень, калі Пан пакліча нас.
На працягу гэтых чатырох тыдняў мы запрошаны адмовіцца ад абыякавага і схематычнага ладу жыцця, адрадзіць спадзяванні і мары аб новай будучыні.
У гэтым ключы гучыць Евангелле сённяшняй нядзелі (гл. Лк 21, 25–28. 34–36) і папярэджвае нас, каб мы не трапілі пад прыгнёт эгацэнтрычнага ладу жыцця і канвульсіўнага рытму дзён. Асабліва ярка гучаць словы Езуса: „Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. <…> Дык чувайце ўвесь час і маліцеся» (пар. Лк 21, 34. 36).
Чуваць і маліцца: вось як трэба жыць у гэты перыяд, з сённяшняга дня і да Божага Нараджэння. Унутраны сон наступае з-за пастаяннай сканцэнтраванасці на сабе і замкнёнасці на ўласным жыцці з яго праблемамі, радасцямі і болем, калі ўвесь час мы круцімся вакол сябе. І гэта надакучліва, сумна, разбуральна для надзеі. Адсюль узнікаюць апатыя і лянота, пра што кажа Евангелле. Адвэнт заклікае нас чуваць, гледзячы па-за сябе, пашыраючы наш розум і сэрца, адкрыцца да патрэб братоў і імкнуцца да новага свету. Гэта жаданне многіх народаў, якія пакутуюць ад голаду, несправядлівасці і войнаў. Гэта жаданне бедных, слабых, пакінутых.
І зараз зручны час, каб адкрыць нашыя сэрцы і задаць сабе канкрэтныя пытанні аб тым, як і каму мы прысвячаем наша жыццё.
Другім стаўленнем, якое служыць добраму перажыванню чакання Пана, з’яўляецца малітва. „Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае“ (пар. Лк 21, 28), — кажа Евангелле. Гаворка ідзе пра тое, каб устаць і маліцца, накіроўваючы нашыя думкі і сэрцы да Езуса, Які хутка прыйдзе. Мы ўстаем, калі штосьці або кагосьці чакаем. Мы з нецярплівасцю чакаем Езуса і хочам чакаць Яго ў малітве, цесна звязанай з чуваннем. Малітва, чаканне Езуса, адкрытасць у адносінах да іншых, чуванне і адсутнасць замкнёнасці ў сабе. Але калі мы думаем пра Божае Нараджэнне ў атмасферы спажывальніцтва, пошуку таго, што купіць, або што зрабіць, каб свята было цудоўным, Езус пройдзе міма, мы не знойдзем Яго.
Мы чакаем Езуса і хочам чакаць Яго на малітве, якая цесна звязана з чуваннем.
Але якая перспектыва нашага малітоўнага чакання? Аб гэтым нам кажуць у Бібліі перш за ўсё галасы прарокаў. Сёння гэта голас Ераміі, які гаворыць да народа, сур’ёзна дасведчанага выгнаннем, тоеснасць якога стаіць пад пагрозай. І нам, хрысціянам, таксама Божаму народу, пагражаюць секулярызм і страта тоеснасці, і нават „апаганьванне“ хрысціянскага стылю. Таму нам патрэбна Слова Божае, якое кажа праз прарока: „Вось надыходзяць дні, калі Я выканаю абяцанне, якое абвясціў. <…> Узгадую для Давіда Парастак Справядлівасці, і будзе ён чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі“ (пар. Ер 33, 14–15). Гэтым Парасткам Справядлівасці з’яўляецца Езус, які прыходзіць і якога мы чакаем.
Няхай Дзева Марыя, якая прыносіць Езуса, жанчына чакання і малітвы, дапаможа нам умацаваць нашую надзею на абяцанні Яе Сына Езуса, каб мы адчулі, што праз пакуты гісторыі Бог застаецца верным і выкарыстоўвае чалавечыя памылкі, каб сведчыць пра сваю міласэрнасць», — сказаў Папа.
Пасля малітвы «Анёл Панскі» Пантыфік пажадаў вернікам добрага перажывання Адвэнту і папрасіў аб малітве.