Пошук

26.11.2018 10:37   Паводле: Vatican News

Быць шчырымі перад сабой і Богам заклікаў папа Францішак семінарыстаў з італьянскай дыяцэзіі Агрыджэнта 24 лістапада, прымаючы іх на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік даў некаторыя парады пра будучыню святарскага жыцця, а перад гэтым уручыў ім тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загадзя. У ёй Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Уваскрослага Хрыста з вучнямі, якія накіроўваліся ў Эмаус (Лк 24, 13-32).

Паводле слоў Святога Айца, Езуса можна сустрэць, калі не стаяць не месцы, а знаходзіцца ў дарозе: прабываць у «рэчаіснасці, у якой кожны з нас пакліканы жыць», а таксама быць на духоўным шляху — шляху «веры і надзеі, якому знаёмы хвіліны святла і цемры».

Папа Францішак заклікаў семінарыстаў шукаць праўду праз слуханне Божага слова і няспынны дыялог з Хрыстом у малітве. Гэта вучыць быць людзьмі, здольнымі слухаць іншых, а таксама, «калі Бог гэтага захоча, святарамі, якія здзяйсняюць „служэнне слухання“».

«Якая велізарная патрэба ёсць у гэтым! Такое стаўленне вучыць нас усё больш і больш станавіцца Касцёлам, які слухае, супольнасцю, якая слухае. Касцёл пасланы ў свет, каб пачуць крык чалавецтва, часта маўклівы, прыгнечаны і заглушаны», — дадаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць духоўнага суправаджэння падчас фармацыі будучых святароў.

«Многія праблемы, якія з’яўляюцца ў жыцці святара, выкліканы недахопам распазнання ў семінарыйныя гады. Не ўсе і не заўсёды, але многія. Гэта нармальна, тое самае тычыцца сужэнства: пэўныя рэчы, калі іх занядбаць напачатку, пазней могуць стаць праблемай», — зазначыў Папа.

Святы Айцец папярэдзіў семінарыстаў аб спакусе быць «цудоўнымі місіянерамі-індывідуалістамі». На яго думку, больш важна «сінадальнае вымярэнне», каб «разам крочыць насустрач іншым», працаваць у еднасці, даваць сведчанне адзінства, калегіяльнасці і братэрства.

Абноўлена 26.11.2018 14:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.