Суперніцтва і славалюбства сеюць падзелы і канфлікты, падкрэсліў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 5 лістапада цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.
У гаміліі папа Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Лк 14, 12-14), у якім Езус заклікае быць бескарыслівымі, рабіць дабро, не чакаючы адплаты.
Навучанне Езуса – выразнае: не рабі дабро дзеля ўласнай карысці, не выбірай, з кім сябраваць, згодна з прынцыпам выгаднасці.
Пошук выгады ва ўсім, паводле Папы, – гэта «форма эгаіму». Хрыстус, аднак, кліча да бескарыслівасці, якая робіць жыццё больш шырокім. Асобы, якія пастаянна робяць селекцыю, з’яўляюцца «фактарам падзелаў» і не спрыяюць аднадушнасці, аб якой кажа апостал Павел у першым чытанні (Флп 2, 1-4), зазначыў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што падзелам садзейнічае суперніцтва, славалюбства, пляткарства. Яшчэ адна заганная з’ява – высамернасць.
«Усё гэта можа знішчыць супольнасць і нават сям’ю... Падумайце пра суперніцтва паміж братамі за бацькоўскую спадчыну. Такое здараецца штодня. Падумайце пра пыхлівасць, пра тых, хто хваліцца, што лепшы за іншых», – сказаў Пантыфік.
Па словах Папы, хрысціянін павінен наследаваць прыклад Божага Сына, узрастаючы ў бескарыслівасці: павінен рабіць дабро, не думаючы пра адплату; сеяць аднадушнасць; адмаўляцца ад суперніцтва ці славалюбства. Трэба будаваць мір з дапамогай малых жэстаў, а гэта значыць пракладаць шлях згодзе ва ўсім свеце, лічыць Святы Айцец.
Пантыфік зазначыў, што войны і суперніцтва пачынаюцца на малым узроўні. «І мір трэба будаваць там жа: у сям’і, парафіі, установе, на працоўным месцы, заўсёды шукаючы аднадушнасці і згоды, а не ўласнай выгады», – сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.