24 кастрычніка падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане, Святы Айцец прамовіў катэхезу на тэму Шостай запаведзі — «Не чужалож».
Без вернасці чалавечыя адносіны не могуць лічыцца сапраўднымі, адзначыў Папа. Ён падкрэсліў, што нельга любіць чалавека толькі пакуль гэта «выгадна», бо любоў праяўляецца менавіта тады, калі выходзіць за рамкі пошуку карысці для сябе.
Святы Айцец спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які сцвярджае: «Любоў павінна быць пастаяннай. Яна не можа быць „да новых акалічнасцяў“» (пар. ККК 1646).
«Вернасць — гэта рыса свабодных, сталых, адказных чалавечых адносінаў», — сцвердзіў Папа.
Паводле яго, сапраўдную любоў аб’яўляе Хрыстус, «які жыве бязмежнай любоўю Айца, і ў сілу гэтага з’яўляецца верным Сябрам, які нас прымае, таксама і тады, калі мы памыляемся, і заўсёды жадае нам дабра, нават калі мы гэтага не заслугоўваем».
«Чалавек мае патрэбу ў безумоўнай любові. А хто не сустракае такога стаўлення, носіць у сабе пэўную нерэалізаванасць, часта не ведаючы пра гэта. Чалавечае сэрца імкнецца запоўніць гэтую пустку сурагатамі, пагаджаючыся на кампрамісы і пасрэднасць, якія маюць толькі аддалены прысмак любові», — сказаў Папа.
«Рызыка заключаецца ў тым, каб называць „любоўю“ часовыя і нясталыя адносіны, падманваючы сябе, што святло жыцця знойдзена ў тым, што ў лепшым выпадку з’яўляецца толькі яго водбліскам», — дадаў ён.
Папа Францішак звярнуў увагу на небяспеку, звязаную з пераацэньваннем фізічнай прывабнасці, якая «сама па сабе з’яўляецца Божым дарам, але паклікана падрыхтаваць шлях для сапраўдных і верных адносін з асобай». Ён нагадаў заклік св. Яна Паўла ІІ, каб кожны чалавек вучыўся сапраўднай каштоўнасці цела.
Святы Айцец зазначыў, што пакліканне да сужэнскага жыцця патрабуе глыбокага распазнання якасці адносінаў, а таксама часу на падрыхтоўку, што дапаможа выпрабаваць сапраўднасць пачуццяў. Заручаныя павінны ўсё больш і больш усведамляць, што іх повязь знаходзіцца ў руках Божых, лічыць Пантыфік.
«Яны не могуць паабяцаць адно аднаму вернасць „у шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе“, а таксама „любоў і пашану ва ўсе дні жыцця свайго“ толькі на падставе добрай волі і спадзявання на тое, што „ўсё атрымаецца“. Яны павінны грунтавацца на моцным падмурку вернай Любові Бога», — сказаў Папа.
«Таму перад заключэннем сакрамэнту сужэнства патрэбна старанная падрыхтоўка. Я б назваў яе „катэхуменатам“, бо ад гэтага залежыць усё жыццё ў любові, а з любоўю не жартуюць.
Нельга абмежаваць „падрыхтоўку да сужэнства“ трыма ці чатырма заняткамі ў парафіі. Не! Гэта не падрыхтоўка, а фікцыя! Адказнасць за гэта ляжыць на пробашчы ці біскупе, які дае згоду на падобныя рэчы.
Падрыхтоўка павінна быць сталай і працяглай у часе. Гаворка ідзе не пра фармальны акт, а пра сакрамэнт. Да яго трэба рыхтавацца праз сапраўдны катэхуменат», — падкрэсліў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што існуе шмат формаў чужаложства, ад якіх можа выратаваць захаванне Шостай запаведзі. Вернасць, дадаў ён, з’яўляецца ладам жыцця і праяўляецца ва ўсіх учынках, словах і думках чалавека.
«Але для таго, каб дасягнуць такога цудоўнага жыцця, недастаткова нашай чалавечай прыроды: трэба, каб вернасць Бога ўвайшла ў нашае жыццё, каб „заразіла“ нас. Шостая запаведзь кліча нас скіраваць позірк на Хрыста, які сваёю вернасцю можа пазбавіць нас сэрца, схільнага да чужаложства, і падарыць нам сэрца вернае.
У Ім і толькі ў Ім ёсць любоў без агаворак і ваганняў, ёсць поўны дар без умоваў і імкненне прымаць аж да канца», — адзначыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што крыніца вернасці знаходзіцца ў смерці і ўваскрасенні Хрыста, а пастаянства ў адносінах — у Яго безумоўнай любові. «Ад еднасці з Ім, з Айцом і Святым Духам паходзіць еднасць паміж намі і здольнасць жыць вернасцю ў нашых адносінах», — сказаў папа Францішак на заканчэнне катэхезы.