11 кастрычніка старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў, прысвечаным моладзі, узначаліў святую Імшу ў базыліцы св. Пятра.
Як ужо паведамлялася, іерархі, якія падчас Сіноду жывуць у Доме св. Марты, па чарзе цэлебруюць Імшу ў гэтай базыліцы а 7-й гадзіне раніцы з кароткай гаміліяй. Імша цэлебруецца на італьянскай мове, а гамілія прамаўляецца на англійскай. Звычайна Імшы праходзяць у харальнай капліцы (капліца, дзе канонікі хорам моляцца Літургію гадзінаў). Гэтае месца называецца капліцай, але на самой справе яна больш нагадвае вялікі прыгожы касцёл.
У гаміліі беларускі іерарх звярнуўся да чытання Евангелля на чацвер 27-га звычайнага тыдня аб тым, што дзякуючы настойлівасці можна атрымаць тое, што просім. Там гаворыцца, як чалавек апоўначы прасіў у суседа пазычыць хлеба для свайго госця.
Па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, Езус у гэтым урыўку прапануе стратэгію, як атрымаць тое, аб чым просім. «Напэўна, не найлепшай была ідэя прасіць хлеба апоўначы. Але гэтым евангельскім аповедам Езус хоча паказаць, што настойлівасць можа адчыніць дзверы нават апоўначы», — заўважыў іерарх. Гэта, дадаў ён, азначае, што настойлівасць можа дапамагчы ў вырашэнні праблем.
Нагадваючы, што бягучы Сінод займаецца пытаннем вырашэння праблем сучаснай моладзі, якая знаходзіцца ў крызісе, старшыня беларускага епіскапату адзначыў:
«У нашых стараннях дапамагчы моладзі мы часта адчуваем сябе бяссільнымі і без надзеі. У той жа час Евангелле вучыць, што Бог можа вырашыць немагчымае».
Кажучы пра тое, што сёння Касцёл успамінае св. Яна ХХІІІ, які склікаў і распачаў Другі Ватыканскі Сабор, арцыбіскуп падкрэсліў: «Сінод Біскупаў — гэта плён Сабору, які стаў новым Спасланнем Духа Святога. Вучэнне Сабору застаецца актуальным і з’яўляецца крыніцай натхнення ў пастырскай працы».
Іерарх звярнуў увагу, што сярод дакументаў Сабору вельмі значным з’яўляецца Дэкрэт пра апостальства свецкіх. Падобны дакумент з’явіўся ўпершыню ў гісторыі Касцёла. За апошнія 50 гадоў, па словах арцыбіскупа, было распрацавана таксама шмат дакументаў на тэму апостальства свецкіх і душпастырства сярод іх, у тым ліку душпастырства моладзі. Сусветныя дні моладзі сталі неад’емнай часткай яе душпастырства. Такім чынам, сказаў старшыня ККББ, Касцёл мае багатую скарбніцу сродкаў, каб вырашаць праблемы моладзі і дапамагчы ёй перамагчы крызіс.
«Вядома, што Бог дзейнічае праз людзей. Сённяшняе Евангелле запрашае нас, нягледзячы на існуючыя ілюзіі, настойліва імкнуцца да мэты, бо для Бога ўсё магчыма. Шляхам настойлівасці мы можам дапамагчы моладзі стаць евангельскім зачынам будучага лепшага свету», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.