Пошук

01.08.2018 15:04   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота © AFP or licensors

Наследаваць прыклад святых заклікаў папа Францішак удзельнікаў ХІІ Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў на св. Імшы, якую цэлебраваў для іх 31 ліпеня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на словах апостала Паўла: «Усё рабіце на славу Божую» (пар. 1 Кар 10, 31).

«Служыць славе Божай ва ўсім, што мы робім — гэта вызначальны крытэрый для нашых учынкаў, найбольшае абагульненне таго, што значыць жыць сяброўствам з Езусам», — падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Папы, гаворка ідзе пра тое, каб прыняць правільнае рашэнне ў моманты няпэўнасці; распазнаць унутры сябе голас Бога, які прамаўляе праз сумленне; зразумець Яго волю.

«Слава Божая — гэта стрэлка компаса нашага сумлення», — сцвердзіў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу яшчэ на адзін крытэрый, пра які кажа св. Павел: спрыяць збаўленню іншых.

«Мы ўсе — Божыя дзеці, маем тыя самыя жаданні, мары і ідэалы. Часам кагосьці спатыкае расчараванне, і менавіта мы можам зноў запаліць у ім святло, падзяліцца добрым настроем», — звярнуў увагу Папа.

«Ад нашай шчырасці залежыць тое, ці пазнаюць нашыя браты Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу і надзею свету», — дадаў Святы Айцец.

На яго думку, гаворка ідзе пра вялікую місію, для рэалізацыі якой дастаткова наследаваць Хрыста, як рабіў апостал Павел і іншыя святыя.

«Паглядзім на святых, якія жылі Евангеллем, бо змаглі перакласці пасланне Хрыста на ўласнае жыццё», — заўважыў Пантыфік, прывёўшы прылад жыцця св. Ігнацыя Лаёлы, успамін якога адзначаўся ў гэты дзень.

Эўхарыстыя з Папам стала кульмінацыяй ХІІ Міжнароднай пілігрымкі міністрантаў.

У сходзе бралі ўдзел каля 60 тыс. юнакоў і дзяўчат, занятых у службе алтара, з 19 краін свету.

Абноўлена 01.08.2018 15:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця