Не заставацца абыякавымі да любых відаў голаду заклікаў папа Францішак 29 ліпеня ў сваіх разважаннях перад нядзельнай малітвай «Анёл Панскі».
«Сённяшняе Евангелле (гл. Ян 6, 1–15) апісвае размнажэнне хлябоў і рыбы», — нагадаў Папа напачатку.
«Паколькі той малой колькасці грошай, што мелі Езус і апосталы, не было дастаткова, каб накарміць натоўп, вось Андрэй, адзін з дванаццаці, прывёў да Езуса хлопца, які даў у распараджэнне ўсё, што ў яго было: пяць хлябоў і дзве рыбы. <…>
Гэты хлопец смелы і адважны. Ён таксама бачыў натоўп, убачыў пяць хлябоў: калі яны спатрэбяцца—– я гатовы. Гэты хлопец прымушае нас задумацца. Мужнасць. Такімі з’яўляюцца маладыя людзі: у іх ёсць мужнасць. Мы павінны дапамагчы ім развіць у сабе мужнасць. І Езус сказаў вучням загадаць людзям сесці, а затым, узяўшы хлябы і рыбу, падзякаваўшы Айцу, раздаў іх (пар. Ян 6, 11), і ўсе яны насыціліся. Усе елі столькі, колькі хацелі.
У гэтым фрагменце Евангелля літургія схіляе нас да таго, каб мы не адварочвалі позірку ад Езуса, які ў мінулую нядзелю ў Евангеллі паводле св. Марка, калі ўбачыў „мноства людзей, злітаваўся над імі“ (пар. Мк 6, 34).
Таксама і хлопец, які меў пяць хлябоў, зразумеў гэтую літасць і сказаў: „Людзі галодныя: у мяне ёсць вось гэта“. Літасць дапамагла яму ахвяраваць тое, што ён меў.
Сёння Ян у чарговы раз рэальна паказвае нам Езуса, адчувальнага да асноўных патрэбаў людзей. Гэтая падзея адбываецца на фоне канкрэтнага факту: людзі галодныя, а Езус загадвае сваім вучням наталіць іх голад. Гэта — канкрэтны факт. Езус не абмяжоўваўся тым, каб даць натоўпу толькі гэта: Ён дае сваё слова, сваё суцяшэнне, збаўленне, а ў рэшце — сваё жыццё. Але, вядома, Ён рабіў таксама і гэта: клапаціўся пра ежу для цела.
І мы, Ягоныя вучні, не можам рабіць выгляд, што нічога не адбылося. Толькі адчуваючы самыя асноўныя патрабаванні людзей, стоячы побач у іх канкрэтных экзістэнцыяльных сітуацыях, можна быць пачутым, калі кажаш пра вышэйшыя каштоўнасці.
Божая любоў да чалавецтва, якое адчувае голад хлеба, свабоды, справядлівасці, міру і перш за ўсё Божай ласкі, ніколі не знікне. Езус і сёння па-ранейшаму наталяе голад, па-ранейшаму застаецца жывой і збаўчай прысутнасцю, і робіць гэта праз нас.
Таму Евангелле заклікае нас быць адкрытымі і дзейнічаць па прыкладу хлопца, які ведае, што мае пяць хлябоў і кажа: я даю гэта, а там убачым. Перад абліччам крыку голаду — голаду ўсіх відаў — шматлікіх братоў і сясцёр у кожным кутку свету, мы не можам заставацца абыякавымі і спакойнымі гледачамі. Пропаведзь Хрыста, якая з’яўляецца хлебам вечнага жыцця, патрабуе шчодрай салідарнай спагады бедным, слабым, апошнім, бездапаможным.
Гэтыя ўчынкі блізкасці і любові з’яўляюцца лепшай праверкай якасці нашай веры, як на асабістым, так і на супольнасным узроўнях.
Нарэшце, калі ўсе насыціліся, Езус сказаў вучням сабраць кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася. Я хацеў бы прапанаваць вам паразважаць над гэтым загадам Езуса: „Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася“ (пар. Мк 6, 12). Я думаю пра людзей, якія галадаюць, і пра тое, што мы выкідаем шмат рэшткаў ежы. Няхай кожны з нас падумае: што адбываецца з ежай, якая застаецца пасля абеду ці вячэры? Што ў маім доме робіцца з рэшткамі ежы? Можа, іх выкідаюць? Калі ў цябе ёсць такая звычка, я дам параду: пагавары з бабуляй і дзядулем, якія жылі ў пасляваенны перыяд, і спытайся ў іх, што яны рабілі з рэшткамі ежы.
Ніколі не выкідайце ежу, якая засталася. Або выкарыстоўвайце яе зноў, або давайце іншым людзям, якія могуць яе выкарыстаць, — тым, хто ў ёй мае патрэбу. Ніколі не выкідайце ежу, якая засталася. Гэта парада, але і рахунак сумлення: што робіцца ў маім доме з рэшткамі ежы?
Будзем прасіць Панну Марыю, каб у свеце развіваліся праграмы, прысвечаныя развіццю, харчаванню, салідарнасці, а не нянавісці, узбраенню і вайне», — сказаў напрыканцы Пантыфік.