У Ватыкан вярнулася каштоўная копія ліста Хрыстафора Калумба, якая была выкрадзена пры невядомых абставінах і заменена на падробку.
Перадача артэфакта адбылася 14 чэрвеня падчас сустрэчы Пасла ЗША пры Святым Пасадзе Калісты Гінгрыч і прадстаўнікоў Міністэрства ўнутранай бяспекі гэтай краіны з арцыбіскупам Жанам-Луі Бруге, Архіварыусам Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла, і монсеньёрам Чэзарэ Пазіні, прэфектам Ватыканскай апостальскай бібліятэкі.
Гаворка ідзе пра васьмістаронкавы ліст, які Калумб асабіста напісаў у 1493 г. да іспанскіх манархаў Фердынанда ІІ Арагонскага і Ізабэлы І Кастыльскай, паведамляючы аб адкрыцці Амерыкі і прыродных багаццях гэтых земляў.
У той час было зроблена некалькі дзясяткаў копій гэтага ліста, перакладзенага на лацінскую мову, якія былі разасланы ў розныя часткі Еўропы.
У 2011 г. у Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША звярнуўся эксперт па старажытных кнігах і манускрыптах, які выказаў меркаванне, што ліст Калумба ў ватыканскім зборы не з’яўляецца аўтэнтычным.
Праведзенае даследаванне пацвердзіла, што арыгінальны дакумент насамрэч быў скрадзены і заменены на падробку. Падобныя крадзяжы адбыліся ў некаторых іншых еўрапейскіх бібліятэках.
Пасля сямі гадоў пошукаў супрацоўнікі амерыканскіх спецслужбаў змаглі адшукаць і вярнуць некалькі скрадзеных арыгіналаў, у тым ліку ватыканскі. Ён быў набыты ў 2004 г. нью-ёркскім калекцыянерам Робертам Парсансам, які не ведаў, што ліст быў выстаўлены на продаж без дазволу Апостальскай Сталіцы.
Пасля звароту кампетэнтных органаў удава Парсанса добраахвотна адмовілася ад усіх правоў на гэты рэдкі дакумент, каб ён мог вярнуцца ў Ватыкан.