Пошук

20.06.2018 15:23   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

У катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 чэрвеня прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў вернікаў прымаць Божыя запаведзі у духу сыноў, а не так, як гэта робяць нявольнікі.

Працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаны Божым запаведзям, папа Францішак заўважыў, што ў Бібліі яны называюцца проста «словамі», якія Бог скіраваў да свайго народа. Адсюль паходзіць тэрмін Дэкалог, які даслоўна азначае «Дзесяць словаў».

«Якая розніца існуе паміж загадам і словам?

Загад — гэта зварот, які не прадугледжвае дыялогу. Слова ж, наадварот, з’яўляецца важным сродкам для такіх адносінаў як дыялог.

Бог Айцец стварае праз сваё слова, а Яго Сын з’яўляецца Словам, якое сталася целам. Любоў жывіцца словамі, падобна як выхаванне і супрацоўніцтва. Дзве асобы, якія не любяць адно аднаго, не здольныя да камунікацыі. Калі нехта прамаўляе да нашага сэрца, знікае наша самота», — сказаў Папа і дадаў, што праз свае Дзесяць запаведзяў Бог пачынае камунікацыю з чалавекам і чакае ад яго адказу.

Пантыфік заўважыў, што атрымліваць загады — гэта адно, а разумець, што хтосьці імкнецца ўвайсці з намі ў камунікацыю — зусім іншае.

Божыя запаведзі — гэта і ёсць дыялог Бога з чалавекам, а д’ябал на самым пачатку гісторыі імкнуўся пераканаць мужчыну і жанчыну ў адваротным, кажучы, што Бог забараніў ім есць плады з дрэва дабра і зла, каб трымаць іх у падпарадкаванні.

«Выклік заключаецца ў наступным. Першае прадпісанне, якое Бог даў чалавеку, што гэта: наказ дэспата, які забараняе і прымушае, або праява клопату бацькі, які турбуецца пра сваіх дзяцей і бароніць іх ад самазнішчэння? Гэта слова ці загад?

Самая трагічная з розных няпраўдаў, якія змей сказаў Еве, гэта ўнушэнне пра зайздроснага Бога.

Маўляў: „Бог зайздросціць вам. Ён раўнівы. Бог не жадае, каб вы былі свабоднымі“. Факты драматычным чынам пацвярджаюць, што змей падмануў, прымусіў верыць у тое, што слова любові з’яўляецца загадам», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пры гэтым ён заўважыў, што чалавек заўсёды стаіць перад дылемай: Бог мне навязвае штосьці ці клапоціцца пра мяне? Ці Ягоныя запаведзі гэта толькі закон, ці слова Айца, які жадае абараніць ад зла?

«Гэтая барацьба ўнутры і звонку нас адбываецца пастаянна: тысячы разоў мы павінны выбіраць паміж нявольніцкай ментальнасцю і сыноўскай», — дадаў Папа.

«Святы Дух — гэта Дух сыноў, гэта Дух Езуса. Дух нявольнікаў можа ўспрымаць закон толькі як прыгнёт і можа прывесці да двух супрацьлеглых вынікаў: або да жыцця, якое складаецца з абавязкаў і прымусу, або да гвалтоўнай рэакцыі адмаўлення.

Усё хрысціянства –—гэта пераход ад літары Закона да Духа, які дае жыццё. Езус — гэта Слова Айца, а не прысуд Айца. Езус прыйшоў, каб збавіць праз сваё слова, а не асудзіць нас»,

— сцвердзіў Пантыфік.

Падагульняючы, Святы Айцец заўважыў, што па чалавеку адразу відаць, калі ён здзейсніў пераход ад літары Закона да Духа. Відаць, ці ён думае як сын ці як нявольнік.

«Запаведзі — гэта шлях да свабоды, бо яны з’яўляюцца словам Айца, які робіць нас свабоднымі на гэтым шляху.

Свет патрабуе не законніцтва, а клопату. Ён мае патрэбу ў хрысціянах з сэрцамі сыноў», — падкрэсліў папа Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця