13 чэрвеня на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Святы Айцец распачаў новы цыкл катэхезаў, прысвечаны Божым запаведзям.
Уводную катэхезу ён пабудаваў на апавяданні пра сустрэчу Езуса з багатым юнаком (гл. Мк 10, 17–21). Пантыфік заўважыў, што і сёння вялікая колькасць людзей маладога ўзросту прагне напоўніцу пражыць сваё жыццё. Нярэдка, аднак, здараецца так, што яны самі сябе знішчаюць, выбіраючы ілюзіі. Папа звярнуў увагу таксама на іншую небяспечную крайнасць — страх перад жыццём:
«Я хацеў бы сказаць асабліва моладзі, што наш самы небяспечны вораг — гэта не канкрэтныя праблемы, якімі б сур’ёзнымі і драматычнымі яны ні былі.
Самая вялікая небяспека ў жыцці — гэта злы дух прыстасавальніцтва, які не з’яўляецца ні лагоднасцю, ані пакорай, а павярхоўнасцю і маладушнасцю».
Пантыфік заклікаў прасіць Нябеснага Айца аб дары здаровага неспакою для сучаснай моладзі.
«Калі маці і бацька бачаць юнака, які пасіўна сядзіць увесь дзень дома, што яны думаюць пра яго? — „Ці не хворы ён?“ — і вядуць яго да ўрача… Ці не так?
Жыццё маладога чалавека — гэта імкненне наперад, заклапочанасць, здаровы неспакой, здольнасць не згаджацца на жыццё без прыгажосці, без колеру.
Калі маладыя людзі не будуць прагнуць сапраўднага жыцця, куды прыйдзе чалавецтва? Куды прыйдзе чалавецтва з пасіўнай, пазбаўленай неспакою моладдзю?» — задаў пытанне Папа.
Пры гэтым пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на ўпісаныя ў чалавечую прыроду абмежаванні, а таксама на неабходнасць педагагічнага працэсу, які вядзе да пазнання самога сябе і таго, чаго нам нестае. Ён падкрэсліў, што Езус жадаў, каб багаты юнак не жыў выключна для сябе, а каб быў гатовы пакінуць усё і ісці за Ім.
«Гэты чалавек павінен быў дайсці да парогу пэўнага пераходу, дзе адкрываецца магчымасць перастаць жыць самім сабой, сваімі справамі, сваімі дабротамі, і менавіта таму, што яму нестае поўнага жыцця: пакінуць усё, каб пайсці за Панам», — заўважыў Пантыфік, падкрэсліўшы, што «пры ўважлівым разглядзе, у апошнім закліку Езуса — вялікім, цудоўным — няма прапановы беднасці, але багацця, сапраўднага багацця: „Табе не хапае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе“ (пар. Мк 17, 21)».
Паводле Святога Айца, гаворка вядзецца пра тое, каб зрабіць выбар на карысць «арыгіналу» жыцця, а не яго «падробкі».
«Езус прапануе не сурагаты, а сапраўднае жыццё, сапраўдную любоў, сапраўднае багацце!
Як зможа моладзь ісці за намі ў веры, калі не будзе бачыць, што мы выбіраем „арыгінал“, калі бачаць нас, прызвычаеных да паўмер.
Кепска, калі сустракаеш хрысціянаў напалову, хрысціянаў — дазволю сабе сказаць — „карлікавых“, якія растуць толькі да пэўнай вышыні, а потым ужо не; хрысціянаў з абмежаваным, закрытым сэрцам. Кепска, калі сустракаеш такое.
Патрэбны прыклад кагосьці, хто пакліча мяне выйсці „па-за“, „далей“, каб пакрысе ўзрастаць. Святы Ігнацый называў гэта magis (больш), — полымем, руплівым дзеяннем, якое абуджае дрымотных», — сказаў Папа.
На заканчэнне папа Францішак патлумачыў, што ў межах новага катэхетычнага цыклу Дзесяць запаведзяў будуць разгледжаны праз прызму вучэння Езуса, «каб, ідучы за Ім, прыйсці ад ілюзій маладосці да нябеснага скарбу».
«Адкрыем у кожным з гэтых старажытных і мудрых законаў браму, якую адчыніў Айцец, які ёсць у Небе, каб Пан Езус, які праз яе прайшоў, прывёў нас да сапраўднага жыцця. Яго жыцця. Жыцця Божых дзяцей», — заклікаў Святы Айцец.
На агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра прысутнічалі таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы.