Пошук

06.06.2018 11:25   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© The Permanent Observer Mission of the Holy See in Geneva

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных структурах у Жэневе арцыбіскуп Іван Юркавіч выступіў на 107-й сесіі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), прысвечанай правам жанчын. Пра гэта 5 чэрвеня паведаміла Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў асамблеі, арцыбіскуп Юркавіч, які ў 2001–2004 гг. быў Апостальскім Нунцыем у Беларусі, заклікаў вярнуць сапраўдную каштоўнасць працы «як фундаментальнага выразу асобы» і сродку для самарэалізацыі чалавека, паколькі гэта шлях для будавання інклюзіўнага грамадства, у якім чалавечы прагрэс вымяраецца не толькі эканамічным ростам і назапашваннем багаццяў.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на тое, што будучыня працы непасрэдна звязана з моладдзю.

«Каб будаваць устойлівую будучыню, неабходна задзейнічаць новыя пакаленні», — падкрэсліў ён.

Між тым, на думку іерарха, моладзь парадаксальным чынам усё менш дапускаецца да ўдзелу ў вытворчых працэсах. Дыпламат лічыць, што эканамічны рост няздольны ствараць новыя і якасныя працоўныя месцы, асабліва для маладых людзей — галоўных дзеючых асоб сусветных працэсаў.

У сваім выступленні арцыбіскуп Юркавіч таксама адзначыў, што забеспячэнне годнай працы немагчыма без роўнасці ў правах паміж мужчынамі і жанчынамі. Адным з галоўных выклікаў ён назваў даць жанчынам магчымасць сумяшчаць працу з клопатам пра сям’ю. Ватыканскі дыпламат перасцярог, што, калі грамадства не прызнае сацыяльную каштоўнасць працы і ролю жанчыны ў сям’і, «жаночая дыскрымінацыя ніколі не будзе пераадолена».

Іерарх закрануў яшчэ адзін аспект, які назваў фундаментальным, а менавіта адукацыю. Дыскрымінацыю, на яго думку, можна пераадолець, забяспечыўшы дзяўчынам і жанчынам роўны з мужчынамі доступ да атрымання ведаў. Прадстаўнік Святога Пасаду пры міжнародных арганізацыях падкрэсліў, што менавіта жанчыны складаюць сацыяльную катэгорыю, найбольш неабароненую ад прымусовай працы, сучасных форм рабства і гандлю людзьмі.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч заявіў, што Апостальская Сталіца асуджае сексуальныя злоўжыванні на працоўных месцах, ахвярамі якіх становяцца пераважна жанчыны.

Ён адзначыў важнасць эфектыўных і разумных інфармацыйных кампаній, скіраваных на абарону жанчын ва ўсіх сферах іх жыцця, «пачынаючы ад паўсюднага прызнання іх годнасці».

107-я сесія Міжнароднай арганізацыі працы праходзіць з 28 мая па 8 чэрвеня ў Жэневе. Яе заключнай часткай стане аднадзённы Сусветны саміт працы, на якім абмяркуюць значэнне занятасці і годнай працы для дасягнення міру і ўстойлівага развіцця. Звычайна ў гэтым форуме бяруць удзел каля пяці тысяч дэлегатаў ад урадаў, работнікаў і працадаўцаў са 187 краін-членаў арганізацыі.

Абноўлена 06.06.2018 15:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця