26 мая ў Ватыкане Папа Францішак сустрэўся з Канстанцінопальскім Патрыярхам Барталамеем, якога суправаджала праваслаўная дэлегацыя.
Візіт Патрыярха ў Рым быў прымеркаваны да канферэнцыі на тэму новай палітыкі і ладу жыцця ў лічбавую эпоху, арганізаванай Папскім фондам Centesimus Annus, які такім чынам адзначыў сваё 25-годдзе. Гэты фонд быў заснаваны св. Янам Паўлам II для спрыяння вывучэнню і распаўсюджванню сацыяльнага вучэння Касцёла. Патрыярх выступіў на форуме з дакладам пра хрысціянскі парадак у служэнні супольнаму дабру.
Сустрэчы папы Францішка і патрыярха Барталамея носяць рэгулярны характар. Праваслаўны іерарх неаднаразова наведваў Ватыкан, а Святы Айцец быў з візітам у Фанары — рэзідэнцыі Канстантынопальскага Патрыярха. Яны сустракаліся падчас пілігрымкі Пантыфіка на Святую Зямлю, разам наведвалі бежанцаў на грэчаскім востраве Лесбас.
Пасля сустрэчы з папам Францішкам патрыярх Барталамей наведаў таксама папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI.