Пошук


Кананізацыя благаслаўлёных Паўла VI і арцыбіскупа Оскара Арнульфо Рамэра-і-Гальдамеса абудзецца 14 кастрычніка ў Ватыкане. Пра гэта паведаміла прэс-служба Святога Пасаду пасля Звычайнага публічнага кансісторыя па кананізацыйных справах, які прайшоў у Ватыкане 19 мая.

Разам з імі будуць абвешчаны святымі яшчэ чатыры благаслаўлёных: італьянскія святары Франчэско Спінэллі († 1913 г.) і Вінчэнцо Рамана († 1831 г.), а таксама дзве жанчыны: нямецкая законніца Марыя Катарына Каспер († 1898 г.) і іспанская законніца Назарыя Ігнасія Марч Мэса († 1943 г.).

Пра хуткую кананізацыю Паўла VI († 1978 г.) Святы Айцец казаў у лютым, падчас сустрэчы з духавенствам Рымскай дыяцэзіі.

Джаванні Батыста Манціні  стане ўжо трэцім Пантыфікам, якога кананізуе цяперашні Папа. Раней ён далучыў да ліку святых Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ.

Беатыфікацыю Паўла VI таксама ўзначальваў папа Францішак. Гэта адбылося ў кастрычніку 2014 г. на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Менавіта ў 2014 г. здарыўся цуд, неабходны для кананізацыі Паўла VI. Гэта было невытлумачальнае з медыцынскага пункту гледжання аздараўленне цяжка хворай дзяўчынкі, якая знаходзілася ва ўлонні маці. Нягледзячы на неспрыяльныя прагнозы ўрачоў, жанчына малілася аб аздараўленні сваёй дачкі, просячы аб гэтым праз заступніцтва благаслаўлёнага Паўла VI, бо ведала: цуд, які паслужыў для яго беатыфікацыі, таксама быў звязаны са складанай цяжарнасцю.

Знамянальна, што кананізацыя Паўла VI пройдзе ў 50-ю гадавіну яго энцыклікі Humanæ vitæ, прысвечанай каштоўнасці чалавечага жыцця.

У ёй рашуча асуджаюцца штучныя метады кантрацэпцыі і палітыка кантролю над нараджальнасцю, якую багатыя краіны навязвалі бедным. Павел VI, якому было наканавана праводзіць Другі Ватыканскі Сабор, вядомы таксама актыўнай экуменічнай дзейнасцю і ўвагай да перыферый свету.

Папа Манціні стаў першым Пантыфікам, які пачаў актыўныя Апостальскія падарожжы па свеце, наведаўшы Святую Зямлю, Індыю, Турцыю, Калумбію, Уганду і іншыя краіны. Праблемы, якія ён убачыў там, знайшлі водгук у яго афіцыйных дакументах і пастырскіх ініцыятывах, накіраваных на дапамогу патрабуючым, спрыянне справядлівасці і інтэгральнаму развіццю.

Арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфо Рамэра-і-Гальдамес († 1980 г.) вядомы як мужны пастыр і абаронца бедных. Ён таксама быў абвешчаны благаслаўленым падчас пантыфікату папы Францішка. Дэкрэт аб прызнанні яго мучаніцтва быў ухвалены ў лютым 2015 г. Урачыстую беатыфікацыю ўзначальваў кардынал Анджэло Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Яна прайшла ў маі 2015 г. у горадзе Сан-Сальвадор, дзе арцыбіскуп Рамэра выконваў сваё пастырскае служэнне і дзе быў забіты з нянавісці да веры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа