Апостальская Сталіца апублікавала 15 мая інструкцыю Cor Orans (Сэрца ў малітве), у якой змяшчаюцца нормы адносна рэалізацыі Апостальскай канстытуцыі Vultum Dei quarere пра жыццё манашак з кантэмпляцыйных супольнасцяў.
Па даручэнні Пантыфіка над дакументам працавала Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
Прадстаўляючы інструкцыю, сакратар узгаданай дыкастэрыі арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё падкрэсліў, што кожны кантэмпляцыйны кляштар мае юрыдычную аўтаномію, што прадугледжвае магчымасць кіравання ўсімі аспектамі жыцця, якое тут павінна быць прыкладам для Божага народа.
Іерарх прызнаўся, што Кангрэгацыя са шкадаваннем адзначае існаванне кляштараў, якія ўжо не ў стане весці годнае жыццё. Такім чынам, паўстала неабходнасць заканадаўства, якое вызначае, калі і як умешвацца ў такіх сітуацыях.
Дакумент прадугледжвае, што паміж фундацыяй кляштара і стварэннем кляўзуры павінна прайсці не больш за 15 гадоў.
У выпадку перавышэння гэтага перыяду Апостальская Сталіца павінна ўмяшацца. Ідэя ў тым, каб штучна не працягваць справы, якая не мае рэальнага шанцу ў будучыні.
Каб новы кляштар мог быць створаны, неабходна прынамсі восем законніц, якія прынеслі манаскія абяцанні, прычым яны павінны мець не вельмі сталы ўзрост.
Дакумент прадугледжвае, што, калі колькасць сясцёр, якія прынеслі манаскія абяцанні, зніжаецца да пяці, супольнасць губляе права выбару ўласнай настаяцельніцы. У такой сітуацыі настаяцельніца федэрацыі кляштараў абавязана праінфармаваць Апостальскую Сталіцу для стварэння спецыяльнай камісіі, што прадугледжана канстытуцыяй Vultum Dei quarere. Арцыбіскуп Карбальё адзначыў, што апісаная сітуацыя датычыць сёння вялікай колькасці кляштараў.
Інструкцыя таксама змяшчае спецыяльныя нормы, якія датычаць афіліявання — далучэння аднаго кляштара да іншага, у сітуацыі цяжкасцяў аднаго з іх.
Што датычыцца рэгулявання кляўзуры, шмат паўнамоцтваў атрымлівае вышэйшая настаяцельніца жаночага манаскага кантэмпляцыйнага інстытуту. Яна можа, напрыклад, даць дыспэнсу манашцы на прабыванне па-за кляўзурай да 15 дзён, а на больш доўгі тэрмін — пасля кансультацыі са сваёй радай.
Інструкцыя ўводзіць пасаду федэральнай настаяцельніцы, якая павінна, напрыклад, прымаць удзел у кананічных візітацыях, суправаджаючы рэгулярнага візітатара.
Дакумент таксама шмат увагі надае пастаяннай фармацыі манашак і сродкам сацыяльнай камунікацыі, рэкамендуючы стрыманасць у іх выкарыстанні.
Сёння ў свеце налічваецца 37 970 кантэмпляцыйных манашак. У Беларусі не існуе ніводнай падобнай манаскай супольнасці.