Як паведаміла прэс-служба Святога Пасаду, у Вялікі аўторак 27 сакавіка папа Францішак наведаў свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI і пажадаў яму добра сустрэць і правесці Велікодныя святы.
Папа на пенсіі пасля таго, як пакінуў Пасад св. Пятра, жыве ў Ватыкане, у кляштары Mater Ecclesiae, дзе працягвае падтрымліваць Касцёл сваёй ціхай малітвай, далёка ад цікаўных позіркаў.
Як паведамляецца, раніцай таго ж дня папа Францішак здзейсніў нечаканы візіт у Дзяржаўны Сакратарыят Святога Пасаду. Гэтае галоўнае ведамства Рымскай курыі найбліжэй супрацоўнічае са Святым Айцом у справе кіравання Каталіцкім Касцёлам, каардынуючы ўзаемадзеянне розных структур Святога Пасаду, а таксама падтрымліваючы адносіны з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
Усяго ў Дзяржаўным Сакратарыяце каля 300 супрацоўнікаў. Кіраўнік гэтага ведамства, кардынал П’етро Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці, наведаў з візітам Беларусь у 2015 г.