Адвага і цярплівасць — асаблівыя рысы малітвы, якую трэба ўзносіць да Бога «са свабодай дзіцяці». Пра гэта казаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 15 сакавіка цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на чытанне з кнігі Зыходу, у якім Майсей просіць Бога злітавацца над выбраным народам пасля яго вераадступніцтва (Зых 32, 7–14).
Майсей прадстаўляў Пану цэлы шэраг аргументаў у абарону сваіх суайчыннікаў. Прарок нагадваў Богу пра ўсё, што Ён зрабіў для гэтых людзей, нагадваў пра вызваленне з егіпецкай няволі, пра вернасць Абрагама і Ісаака. У яго размове тварам у твар з Панам выяўляецца глыбокая заклапочасць і любоў да народа, заўважыў Папа.
Як дадаў Святы Айцец, Майсей не баяўся казаць праўду, не спрабаваў падкупіць Бога ці «гандляваць сумленнем». І «гэта падабаецца Богу», бо калі Ён «бачыць душу, бачыць чалавека, які моліцца, моліцца і моліцца, просячы аб чымсьці, Ён расчульваецца», падкрэсліў Святы Айцец.
Менавіта такой з’яўляецца заступніцкая малітва, для якой неабходна цярплівасць.
«Мы не можам паабяцаць камусьці малітву, а потым адгаварыць „Ойча наш“ і „Вітай, Марыя“ і забыцца пра справу. Не! Калі абяцаеш маліцца за кагосьці, ты павінен ісці ўзгаданым шляхам, а для гэтага патрэбна цярплівасць», — сказаў Пантыфік.
«Калі хачу, каб Пан выслухаў тое, аб чым прашу, я павінен прыходзіць і прыходзіць, стукаць у дзверы, стукаць у Яго сэрца, а таксама ў сваё, бо яно павінна быць глыбока заклапочана справай.
Калі маё сэрца не заклапочна патрэбай, не турбуецца пра чалавека, за якога я павінен маліцца, яно не будзе здольным да адвагі і цярплівасці», — адзначыў Святы Айцец.