Пошук


У Ватыкане прадставілі дэвізы і лагатыпы візіту Святога Айца ў Літву, Латвію і Эстонію. Візіт Пантыфіка ў краіны Балтыі пройдзе 22–25 верасня.

Дэвізам літоўскага этапу папскага падарожжа будуць словы з Першага паслання св. Паўла да Цімафея (1, 1) — «Езус Хрыстус — наша надзея».

Асноўныя элементы лагатыпа — крыж і сімволіка Святога Духа. Ён нагадвае велікодны штандар і нагадвае пра пакуты, перажытыя за свабоду і веру літоўскага народа.

Дэвізам візіту папы Францішка ў Латвію сталі словы з папулярнага старажытнага літургічнага гімну Ave Maris Stella: Monstra te esse Matrem (Вітай, Зорка мора, пакажы, што Ты — Маці). Яны звязаныя з апякункай Латвіі — Маці Божай Аглонскай, а таксама з прысвячэннем папам Інакенціем III на Чацвёртым Латэранскім Саборы ў 1215 г. Эстоніі і Лівоніі Панне Марыі.

Лагатып падарожжа Святога Айца ў Эстонію ўключае дату — 25 верасня 2018 г. і словы Mu süda, ärka üles з эстонскай рэлігійнай песні «Прачніся, маё сэрца». Сімвалічна паказаны контуры краіны, упрыгожаныя жоўтым і белым колерамі. У лагатыпе таксама змешчаны партрэт папы Францішка.

Арцыбіскуп Вільнюскі Гінтарас Грушас з вялікай радасцю ўспрыняў навіну аб папскім візіце ў Літву.

Ён адзначыў, што «Святы Айцец умацуе веру і падорыць надзею ўсім краінам, якія наведвае».

Іерарх нагадаў, што візіт Яна Паўла II у Літву 25 гадоў таму ўмацаваў народ, які выходзіў з «эпохі савецкай акупацыі і пачынаў жыць у свабодзе». «Сёння мы чакаем папу Францішка, каб прыбыў і ўмацаваў нас у імкненні жыць сапраўды па-хрысціянску перад абліччам праблем сучаснага свету», — сказаў арцыбіскуп.

«Візіт Святога Айца стане вялікім Божым благаслаўленнем для латышскага народа», — пракаментаваў навіну аб папскім візіце арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч.

Ён адзначыў, што краіны Балтыі былі абраныя сярод многіх, якія запрашалі Пантыфіка. На яго думку, праз 25 гадоў пасля візіту Яна Паўла ІІ папа Францішак прыбудзе ўмацаваць латышскі народ «на шляху складаных пераўтварэнняў». «Я перакананы, што Латвіі даручана адмысловая місія ў Божых планах», — сказаў іерарх.

22–25 верасня 2018 г. папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў краіны Балтыі. У Літве ён наведае Вільнюс і Каўнас, у Латвіі — Рыгу і Аглону, у Эстоніі — Талін. Дакладная праграма візіту будзе апублікавана пазней.

Абноўлена 05.07.2018 21:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця