Пошук


6 сакавіка споўнілася 80 гадоў старшыні Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў — кардыналу Франчэско Кокапальмерыа. Пасля дасягнення 80-гадовага ўзросту кардыналы губляюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.

Такім чынам колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў зменшылася да 117.

Франчэско Кокапальмерыа нарадзіўся 6 сакавіка 1938 г. у Сан-Джуліяна-Міланэзэ, недалёка ад Мілана. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 28 чэрвеня 1962 г. З’яўляецца доктарам тэалогіі і права, аўтарам шматлікіх навуковых публікацый.

8 красавіка 1993 г. Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам Міланскай архідыяцэзіі, а 15 лютага 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI — старшынёй Папскай рады заканадаўчых тэкстаў, задача якой — інтэрпрэтаваць агульнае права Каталіцкага Касцёла, дапамагаючы іншым дыкастэрыям Рымскай курыі ў рэдагаванні дакументаў, якія выдаюцца імі.

Таксама па просьбе біскупскіх канферэнцый узгаданая дыкастэрыя даследуе адпаведнасць дакументаў, выдадзеных імі, з дзеючым заканадаўствам.

У Калегію кардыналаў іерарха ўключыў папа Бэнэдыкт XVI 18 лютага 2012 г. Кардынал Кокапальмерыа неаднаразова падкрэсліваў законнасць рэформ, якія здзяйсняе папа Францішак.

Да 6 чэрвеня 80 гадоў споўніцца яшчэ тром кардыналам: італьянцу Анджэло Амата, партугальцу Мануэлю Мантэйра дэ Кастра і в’етнамцу П’еру Нгуэн Ван Нону. Такім чынам, ужо летам колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў зменшыцца да 114.

Абноўлена 07.03.2018 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа