На Вялікдзень чакаецца выданне Апостальскай адгартацыі папы Францішка, якая будзе прысвечана святасці. Пра гэта паведамляе KAI са спасылкай на ватыканіста Андрэа Тарньеллі і Vatican Insider.
Аб тым, што Пантыфік рыхтуе «прыгожы дакумент пра святасць», 28 лютага прыгадаў кардынал з Гандураса Оскар Радрыгес Марад’яга, каардынатар Рады Кардыналаў, якая з’яўляецца дапаможнай Папскай радай у рэформе Рымскай курыі.
— Мы ўсе пакліканыя да святасці. Калі не будзем слухаць гэты заклік, рэформа не будзе дзейнічаць, — сказаў Мітрапаліт Тэгусігальпы ў Гандурасе.
Як адзначае Андрэа Тарньеллі, Папа Рымскі павінен падпісаць Адгартацыю 19 сакавіка, а пасля перакладу на розныя мовы бліжэй да Вялікадня яе апублікуюць.
Яна будзе карацейшай за дзве папярэднія Апостальскія адгартацыі папы Францішка: Evangelii gaudium, апублікаванай у 2013 годзе, у якой ён прадставіў праграму свайго Пантыфікату, і Amoris laetitia, апублікаванай у 2016 годзе, якая стала плёнам працы з дзвюх сесій Сінода Біскупаў на тэму сям’і.
Тэму святасці ўсіх ахрышчаных Папа ўжо неаднойчы падымаў у сваіх выступленнях. Так, падчас катэхезы 19 лістапада 2014 года ён тлумачыў, што «святасць не з’яўляецца прэрагатывай толькі некаторых: святасць з’яўляецца дарам, які быў ахвяраваны ўсім — ніхто не выключаны. Гэта таксама якасць, уласцівая кожнаму хрысціяніну».
«З’яўляешся кансэкраванай асобай? Будзь святым або святой, радасна перажываючы свой дар і несучы сваю паслугу. Ты жанаты ці замужам? Будзь святым (святой), клапоцячыся пра сваю жонку (свайго мужа), як Хрыстус пра Касцёл.
Ты ахрышчаны, але не жанаты? Будзь святым, кампетэнтна выконваючы сваю працу або прысвячаючы свой час служэнню братам», — казаў тады Святы Айцец.