У ІІ нядзелю Вялікага посту падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра папа Францішак разважаў пра значэнне перамянення Пана і заклікаў неадкладна спыніць насілле ў Сірыі.
Каментуючы евангельскі тэкст гэтага дня (пар. Мк 9, 2–10), Святы Айцец напачатку звярнуў увагу на тое, што апісаная ў ім падзея звязана з прадказаннем Езуса Ягоным вучням, што ў Ерузалеме Яму давядзецца «шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць» (пар. Мк 8, 31).
Гэтыя словы сталі шокам для Пятра і для ўсёй супольнасці вучняў, якія не дапускалі думкі, што Езус можа быць адкінутым старэйшынамі народа, а потым забітым. Яны насамрэч чакалі магутнага Месію, моцнага, уладнага, а Езус, наадварот, паказвае сябе як пакорнага, ціхага слугу Бога, слугу людзей, які павінен будзе прынесці сваё жыццё ў ахвяру, прайсці шляхам пераследу, цярпення і смерці.
Але як магчыма ісці за такім Настаўнікам і Месіяй, чыё зямное жыццё павінна закончыцца такім чынам? Так думалі яны. І адказ прыходзіць менавіта ў перамяненні.
Што такое перамяненне Езуса? Гэта прадвяшчэнне таго, што выявіцца ў Пасхе.
Тое, што адбылося падчас перамянення, дазволіла вучням станоўча ўспрыняць муку Хрыста. Так Езус падрыхтаваў іх да выпрабавання.
Перамяненне дапамагае вучням і нам з вамі зразумець, што мука Хрыста — гэта таямніца цярпення, але перадусім гэта дар любові, бясконцай любові з боку Езуса.
Перамяненне дазваляе лепш зразумець таксама ўваскрасенне Хрыста, бо той, хто церпіць, і той, хто праслаўлены, не проста чалавек, а Сын Божы, які збаўляе нас сваёю вернаю любоўю ажно да смерці. Айцец заклікае: «Яго слухайце» (пар. Мк 9, 7); вучні пакліканы ісці за Настаўнікам з даверам і надзеяй, нягледзячы на Яго смерць
Напрыканцы Папа запрасіў вернікаў у малітве даручыць матчынай апецы Панны Марыі саміх сябе, каб з верай і самаахвярнасцю працягваць шлях Вялікага посту.
Пасля малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец сказаў, што ў гэтыя дні часта думае пра Сірыю, дзе зноў абвастрылася вайна, асабліва ва Усходняй Гуце.
Гэты месяц люты стаў адным з найбольш жорсткіх за сем гадоў канфлікту: сотні, тысячы ахвяраў сярод мірных жыхароў, дзяцей, жанчын, старых; былі атакаваны шпіталі; людзям няма чаго есці… Браты і сёстры, усё гэта бесчалавечна.
Папа Францішак нагадаў, што са злом немагчыма змагацца з дапамогаю іншага зла, а вайна — гэта зло.
Таму я звяртаюся з настойлівым заклікам неадкладна спыніць насілле, даць магчымасць даставіць гуманітарную дапамогу: прадукты і медыкаменты, эвакуяваць параненых і хворых. Папросім Бога, каб гэта адбылося ўжо цяпер.