Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця падвёў вынікі працы гэтай структуры Рымскай курыі. Новае ведамства было арганізавана 1 верасня 2016 года і замяніла сабой Папскую раду па справах свецкіх і Папскую раду па справах сям'і.
На павестцы дня новай структуры — арганізацыя некалькіх важных для ўсяго Касцёла мерапрыемстваў, найперш Сусветнай сустрэчы сем’яў і Сусветных дзён моладзі.
У межах падрыхтоўкі да першага (сямейны форум пройдзе ў жніўні 2018 г. у Дубліне) у бліжэйшы час будуць апублікаваны сем «міжнародных катэхез», па адной на кожны месяц. Разважанні, якія базуюцца на тэксце адгартацыі Amoris laetitia і гісторыі Святой Сям’і з Назарэта, закліканы прадэманстраваць прароцкую актуальнасць Евангелля сям’і.
Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у 2019 г. у Панаме, сваё натхненне атрымаюць у Сінодзе Біскупаў на тэму моладзі, што пройдзе восенню 2018 г. у Ватыкане.
«Моладзевы форум будзе вельмі марыйным, што характэрна для краін Цэнтральнай Амерыкі», — прызнаўся кардынал Джозэф Фарэл. Зараз ідзе праца над праграмай асноўных падзей, стварэннем «фонда салідарнасці» для падтрымкі ўдзелу беднай моладзі, пошукам месцаў для размяшчэння ўдзельнікаў, распрацоўкай падрыхтоўчай катэхізацыі, зместам «заплечніка пілігрыма». У чэрвені ў Панаме пройдзе другая міжнародная падрыхтоўчая нарада, дзе абмяркуюць душпастырскія і лагістычныя аспекты падзеі.
Ужо некалькі месяцаў працягваецца перэгрынацыя крыжа Сусветных дзён моладзі. Ён пабываў ужо ў Мексіцы, Санта-Дамінга, на Кубе і Гаіці, у Пуэрта-Рыка і неўзабаве дасягне Цэнтральнай Амерыкі.
Кардынал Фарэл звярнуў увагу і на працу Папскай акадэміі жыцця, якая цяпер звязана з Дыкастэрыяй. Іерарх падкрэсліў, што будзе ўмацоўвацца ўзаемадзеянне структуры з арганізацыямі і асацыяцыямі, якія дапамагаюць жанчынам і сям’і прыняць і захаваць жыццё, прадухіляючы аборты. Будзе працягвацца суправаджэнне і падтрымка даследаванняў па асноўных праблемах біямедыцыны і правоў, якія тычацца чалавечага жыцця. Асаблівая ўвага ў працы Акадэміі таксама будзе звернута на ідэалогіі, звязаныя з жыццём і чалавечым родам.
Іерарх заўважыў, што ў структуры Дыкастэрыі будзе захоўвацца баланс паміж супрацоўнікамі жанчынамі і мужчынамі. Структура з’яўляецца прывілеяваным і сімвалічным месцам, дзе жанчыны і мужчыны працуюць разам на карысць усёй касцёльнай супольнасці і дзе розніца паміж поламі ўспрымаецца не толькі як магчымасць для сумеснай працы, але і як эфектыўнае супрацоўніцтва адказнасці. Прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця нагадаў, што нядаўна высокія пасады намеснікаў сакратароў тут занялі дзве жанчыны.