Пошук


Папа Рымскі моліцца за мір ва Украіне. Ён піша пра гэта ў прывітальным лісце да кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы архіепіскапа Святаслава Шаўчука.

«Я хачу сказаць, што я з вамі, што ў маіх малітвах і ўсім, што ўзношу кожны дзень да Бога, вы займаеце асаблівае месца», — напісаў папа Францішак. Святы Айцец запэўніў, што падчас кожнай Эўхарыстыі даручае Богу людзей, чыя кроў была праліта з-за варожасці паміж народамі ў многіх частках свету. «Шчыра прашу ва ўваскрослага Пана радасці і міру для маёй дарагой Украіны», — дадаў Папа.

Пантыфік у сваім лісце таксама спасылаецца на інфармацыю аб апошнім Сінодзе ўкраінскіх грэка-католікаў. Ён з пашанай згадвае памерлага ў мінулым годзе кардынала Любаміра Гузара. «Яго сведчанне з’яўляецца заахвочваннем да адказнасці, каб мы шчыра і велікадушна адказалі на прыклад стаўлення пастыраў, якіх Хрыстус даў нам і якія жылі жаданнямі Яго сэрца», — напісаў Папа.

З нагоды Божага Нараджэння, якое ўкраінскія грэка-католікі адзначалі 7 студзеня, Папа заўважыў, што гэта ўрачыстасць Божага святла, якое свеціць у цемры. Яно не пакладае канец ночы, не нішчыць яе цалкам, але нараджае новы світанак, у якім Бог пасяліўся сярод нашай змрочнай гісторыі.

«Няхай Яго пяшчота саграе нашыя сэрцы і дае нам надзею, няхай Яго прастата, якая абяззбройвае, распаліць у нас імкненне да паяднання і міру, а Яго непераможная любоў дасць нам волю даравання і новага пачатку», — напісаў Святы Айцец.

Абноўлена 12.01.2018 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа