8 студзеня падчас ранішняй святой Імшы ў Ватыкане Папа Рымскі спаслаўся на пачатак першай кнігі Самуэля (1 Сам 1, 1-8), дзе распавядаецца гісторыя Ганны, якую прыніжалі за тое, што не магла мець дзяцей.
Пантыфік прывёў яшчэ некалькі падобных гісторый з Бібліі, а таксама прыгадаў сітуацыю са свайго дзяцінства, калі падлеткі пастаянна здзекваліся з псіхічна хворай жанчыны, якая жыла на іх вуліцы.
Папа са смуткам адзначыў існаванне ў сённяшніх школах так званага «булінгу»: здзекаў з равеснікаў, якія, напрыклад, маюць праблемы з лішняй вагой, з’яўляюцца іншаземцамі ці маюць іншы колер скуры.
«Гэта азначае, што ёсць нешта ўнутры нас, што прыводзіць да гэтага. Нападаць на слабых. І я думаю, што гэта адзін з вынікаў першароднага граху», — сказаў папа Францішак і дадаў, што «гэта праца сатаны».
Пантыфік рэкамендаваў маліцца Святому Духу, каб Ён падтрымліваў добрыя жаданні і справы ў нас і даваў ласку спагады.