16 снежня ў Ватыкане апублікавалі інструкцыю Кангрэгацыі па справах Кананізацыі «Рэліквіі ў Касцёле: аўтэнтычнасць і захаванне».
Ва ўступе дакумента адзначаецца, што рэліквіі заўсёды ўспрымаліся ў Касцёле «з асаблівай пашанай і ўвагай», паколькі цела благаслаўлёных і святых «было на зямлі жывым храмам Святога Духа і прыладай іх святасці».
У той жа час рэліквіі «не могуць быць выстаўлены для шанавання вернікаў без спецыяльнага пасведчання касцёльных уладаў, якія гарантуюць іх аўтэнтычнасць».
Традыцыйна рэліквіямі лічацца:
- цела благаслаўлёнага і святога
- яго значныя часткі або ўвесь аб’ём попелу, які застаўся ў выніку крэмацыі
І менавіта дыяцэзіяльныя біскупы і дыяцэзіяльныя святары, а таксама Кангрэгацыя па справах Кананізацыі павінны здзяйсняць асаблівы догляд і нагляд за захаваннем і шанаваннем рэліквій, іх абарону ад злоўжыванняў.
Рэліквіі павінны захоўвацца ў запячатаных арыгінальных урнах і размешчацца ў месцах, якія гарантуюць бяспеку, адрозніваюцца сакральнасцю і спрыяюць пашырэнню культу.
Ва ўступе гаворка ідзе і пра невялікія фрагменты цела благаслаўлёнага і святога ці аб’екты, якія былі ў непасрэдным кантакце з гэтымі асобамі. Яны павінны захоўвацца і ўспрымацца згодна з рэлігійным духам, з пазбяганнем любых форм забабонаў і камерцыялізацыі.
Аналагічныя правілы прымяняецца і да парэштак Слуг Божых, чые працэсы беатыфікацыі і кананізацыі працягваюцца. Да часу, пакуль яны афіцыйна не ўзведзены да хвалы алтароў, з імі не можа быць звязана ніякае набажэнства ці прывілеі, уласцівыя благаслаўлёным або святым.
Кампетэнтнай асобай, якая мае права выконваць усе аперацыі, звязаныя з рэліквіямі або парэшткамі, з’яўляецца дыяцэзіяльны біскуп або дыяцэзіяльны святар, пры ўмове згоды Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Тут гаворка ідзе, напрыклад, пра месца захавання рэліквій, яго змену, у межах дыяцэзіі або па-за ёй, пра ўзяцце фрагментаў.
Абавязкі біскупа
Біскуп павінен «скрупулёзна» сачыць за тым, каб не ўзнікалі прыкметы незаконнага культу Слугаў Божых, якія яшчэ не абвешчаны благаслаўлёнымі, гаворыцца ў інструкцыі. Біскуп тэрыторыі, дзе знаходзяцца рэліквіі або парэшткі, можа дзейнічаць асабіста або праз свайго святара-дэлегата.
Ён абавязаны прызначыць трыбунал, у які павінны ўвайсці біскупскі дэлегат, прамотар справядлівасці і натарыус. Павінны быць прызначаны таксама прынамсі два вернікі — з духавенства, кансэкраваных асоб або свецкіх — з задачай выступаць у якасці сведак. Усе, хто прымае ўдзел у аперацыях, звязаных з рэліквіямі, павінны даць прысягу або абяцанне добрасумленна выконваць свае задачы і захоўваць службовую таямніцу.
У інструкцыі гучыць абсалютная забарона на гандаль, абмен у натуральнай форме або ў грашовым выразе, а таксама на продаж рэліквій. Нельга выстаўляць рэліквіі ў «прафанаваных» або не санкцыянаваных адпаведнымі касцёльнымі ўладамі месцах.