Ласкавасць як рыса, якая характарызуе Бога, была галоўнай тэмай гаміліі Папы падчас ранішняй Эўхарыстыі 14 снежня ў капліцы Дому св. Марты. Каментуючы фрагмент Кнігі прарока Ісаі, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што, размаўляючы з чалавекам, Бог пахіляецца і прамаўляе пяшчотныя словы як бацька, які супакойвае.
«Здаецца, што Бог хоча праспяваць нам калыханку. Наш Бог здольны на гэта. Яго ласкавасць такая: бацькоўская і матчыная. Шмат разоў Ён казаў: "Нават калі маці забудзе пра дзіця сваё, Я не забуду пра цябе"», — нагадаў Папа. У гэтым дыялогу, па словах Пантыфіка, «Бог становіцца малым», каб мы маглі зразумець Яго, давяралі Яму і маглі з адвагай св. Паўла сказаць: «Тата, Абба».
Паводле Святога Айца, становячыся малым, Бог, аднак, не перастае заставацца вялікім. «Божае Нараджэнне дапамагае нам зразумець гэта ў стаенцы», — сказаў Пантыфік і, цытуючы выказванне св. Тамаша Аквінскага, нагадаў, што «не трэба баяцца вялікіх рэчаў, але ўлічваць таксама і малыя». «І гэта па-Божаму», — лічыць Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў да рэфлексіі над сваёй здольнасцю размаўляць з Богам без страху.
Святы Айцец заўважыў, што месца, дзе найбольш праяўляецца ласкавасць Бога, — гэта раны. «Мае раны, твае раны... Калі сустракаюцца разам мае і Яго раны. У Яго ранах мы былі аздароўлены», — адзначыў Папа.
Святы Айцец узгадаў евангельскую прыпавесць пра Добрага Самараніна, што нахіліўся над чалавекам, якога пабілі разбойнікі, перавязаў яму раны і заплаціў за лячэнне. «Вось тэалагічнае месца ласкавасці Бога — нашы раны», — падкрэсліў папа Францішак і заклікаў дазволіць Пану лячыць нашы раны.