Прэзідыум Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) заклікаў паважаць статус-кво Іерусаліма, замацаваны шэрагам рэзалюцый ААН.
Такім чынам РКБЕ адрэагавала на рашэнне адміністрацыі ЗША прызнаць горад сталіцай дзяржавы Ізраіль.
«Немагчыма зразумець хрысціянскія карані Еўропы без спасылкі на Іерусалім», — напісалі біскупы ў сваім спецыяльным паведамленні.
Гэты горад таксама для еўрапейскіх народаў з’яўляецца «бацькоўскім домам», менавіта таму, што гэта «дом» для многіх народаў, якія ўшаноўваюць тут святыя месцы сваіх рэлігій, нагадалі іерархі.
«Мы цвёрда перакананыя ў тым, што любыя змены ў бягучай сітуацыі могуць стварыць клімат, варожы для міру, аб чым сведчаць падзеі апошніх некалькіх дзён», — гаворыцца ў паведамленні. Еўрапейскія іерархі заклікалі ўсе бакі дзейнічаць справядліва, мудра і разважліва, каб захаваць мір і садзейнічаць яму.