Пошук

12.12.2017 08:53   Мікола Гракаў / Catholic.by

«Адвэнт — гэта час, каб знайсці ў сваім жыцці пусткі, якія неабходна запоўніць», — адзначыў Папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі», якая адбылася ў нядзелю 10 снежня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

«У мінулую нядзелю запрашэннем да чування мы распачалі Адвэнт; сёння, у другую нядзелю гэтага перыяду падрыхтоўкі да Нараджэння Пана, літургія паказвае нам, з чаго ён павінен складацца: гэта час, каб знайсці ў сваім жыцці пусткі, якія неабходна запоўніць, каб згладзіць няроўнасці пыхі і даць месца Езусу, які прыходзіць», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу, што прарок Ісая звяртаецца да народа, абвяшчаючы канец Вавілонскага палону і вяртанне ў Ерузалем. «Ён прадказвае: «Голас таго, хто кліча: „У пустыні падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу <…> Кожная даліна ўзвысіцца“» (пар. Іс 40, 3. 4). Даліны, якія неабходна ўзвысіць, — гэта вобраз усіх пустак у нашых паводзінах адносна Бога, усіх нашых грахоў і занядбанняў. Адной з такіх пустак можа быць тое, што мы не молімся, або молімся замала, — патлумачыў Папа. — Такім чынам, Адвэнт — гэта спрыяльны час для таго, каб больш насычана маліцца, каб адвесці духоўнаму жыццю важнае месца, якое яму належыць. Яшчэ адна магчымая пустка — гэта недахоп любові да бліжніх, асабліва да людзей, найбольш патрабуючых дапамогі не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай. Мы пакліканыя быць больш уважлівымі да патрэбаў іншых людзей, найбольш блізкіх. Падобна да Яна Хрысціцеля, такім чынам мы можам адкрыць шляхі надзеі ў пустыні сасмаглых сэрцаў многіх людзей».

Узгадваючы далейшыя словы Ісаі «Кожная гара і пагорак панізяцца» (пар. Іс 40, 4), Пантыфік адзначыў: «Горы і пагоркі, якія трэба панізіць, — гэта пыха, ганарыстасць, нахабства. Туды, дзе ёсць пыха, дзе ёсць нахабства, дзе ёсць ганарыстасць, не можа ўвайсці Пан, таму што такое сэрца поўнае пыхі, ганарыстасці, нахабства. Таму мы павінны панізіць гэтую пыху. Мы павінны навучыцца паводзіць сябе ціха і пакорна, без папрокаў, слухаць, размаўляць лагодна і так падрыхтаваць прыйсце нашага Збаўцы, які ціхі і пакорны сэрцам (пар. Мц 11, 29)».

«Акрамя таго, ад нас патрабуецца прыбраць усе перашкоды, якія стаяць на шляху нашай еднасці з Панам: «Выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І з’явіцца слава Пана, — кажа прарок Ісая, — і адначасова ўбачыць яе кожнае цела» (пар. Іс 40, 4–5). Але ж усё гэта трэба рабіць з радасцю, таму што наша мэта — падрыхтаваць прыйсце Езуса, — падкрэсліў Пантыфік. — Калі мы дома чакаем у госці нейкага блізкага чалавека, мы ўсё падрыхтоўваем да гэтага з клопатам і шчасцем. Такім жа чынам мы жадаем падрыхтавацца да прыйсця Пана: кожны дзень старанна чакаць Яго, каб, калі Ён прыйдзе, напоўніцца Ягонаю ласкаю».

Па словах Папы, «Збаўца, якога мы чакаем, здольны перамяніць нашае жыццё сваёю ласкаю, моцаю Святога Духа, сілаю любові». «Святы Дух, насамрэч, напаўняе нашыя сэрцы Божаю любоўю, невычэрпнаю крыніцаю ачышчэння, новага жыцця і свабоды. Панна Марыя ў поўнай меры жыла гэтым, дазволіўшы «ахрысціць» сябе Святому Духу, які ахінуў Яе сваёю моцаю. Яна, якая падрыхтавала прыйсце Хрыста ўсім сваім існаваннем, няхай дапаможа нам браць з Яе прыклад і няхай скіруе нашыя крокі насустрач Пану, які прыходзіць», — пажадаў Пантыфік.

Пасля малітвы Святы Айцец між іншым нагадаў, што 12 снежня ў Парыжы адбудзецца «Саміт нашай планеты». «Праз два гады пасля падпісання Парыжскага пагаднення па клімаце ён пакліканы аднавіць абавязацельствы па яго рэалізацыі і выпрацаваць сумесную стратэгію, каб супрацьстаяць трывожнай з’яве кліматычных зменаў. Я шчыра жадаю, каб гэты Саміт, таксама як і іншыя ініцыятывы ў гэтым накірунку, спрыялі яснаму ўсведамленню неабходнасці прыняць сапраўды эфектыўныя рашэнні, каб супрацьстаяць змене клімату і ў той жа час змагацца з беднасцю і спрыяць усебаковаму чалавечаму развіццю», — сказаў Папа Францішак.

У сувязі з гэтым Пантыфік выказаў салідарнасць з народамі Індыі, пацярпелымі ад цыклону Окхі, асабліва з сем’ямі вялікай колькасці згубленых рыбакоў, а таксама з народам Албаніі, які цяжка церпіць ад моцных паводак.

Абноўлена 12.12.2017 08:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.