Пошук

07.12.2017 15:56   Catholic.by

«Молячыся, мы можам клапаціцца адно пра аднаго. Малітва ачышчае і ўмацоўвае нас. Яна асвятляе наш шлях і дазваляе нам рухацца наперад. Малітва — гэта паліва на нашым шляху да адзінства», — такія думкі выказаў папа Францішак 7 снежня ў Ватыкане падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай арганізацыі.

«Любоў да Пана, якую мы адчуваем у малітве, прыводзіць у рух міласэрнасць, што збліжае нас — гэта матыў нашых намаганняў да еднасці і сіла, якая дазваляе нам ісці наперад разам», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік узгадаў думкі з энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Ut unum sint, якія кажуць, што малітва — гэта душа экуменічнага абнаўлення і імкнення да адзінства. «Молячыся, мы можам глядзець адно на аднаго “ў правільным ракурсе” — Божым», — заўважыў Святы Айцец.

І такое бачанне братэрства, паводле Пантыфіка, павінна быць адпраўным пунктам для экуменізму. Гэта дапаможа адмовіцца ад старых прадузятасцяў, у тым ліку звязаных са справай Марціна Лютэра.

Ужо шмат зроблена ў гэтай справе на шляху дыялогу паміж Сусветнай лютэранскай федэрацыяй і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, распачатымі ў 1967 г. Паводле Святога Айца, дзякуючы «ачышчанай памяці» сёння можна з упэўненасцю глядзець у будучыню, цэнячы адрозненні, якія існуюць у розных канфесійных традыцыях. У далейшым ніколі нельга разглядаць сябе ў якасці супернікаў.

Для таго, каб ісці далей па экуменічным шляху разам, недастаткова выдатных ідэй; існуе неабходнасць у канкрэтных кроках. Тут Папа назваў дабрачыннасць і дапамогу бедным, а таксама супольнае абвяшчэнне Евангелля.

Сусветная лютэранская федэрацыя — найбуйнейшае глабальнае аб’яднанне нацыянальных і рэгіянальных Лютэранскіх Цэркваў, якое прадстаўляе каля 70 мільёнаў вернікаў.

Абноўлена 07.12.2017 16:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа