У апошнюю нядзелю літургічнага года, падчас урачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, 26 лістапада, Пантыфік падкрэсліў вялікую важнасць справы служэння бліжнім, а найперш — самым убогім, якія знаходзяцца побач з намі. Валадаранне Хрыста, паводле Папы, «заключаецца ў тым, каб весці і служыць, а напрыканцы часоў яно праявіцца як суд».
«Сёння перад нашымі вачыма Хрыстус з’яўляецца як кароль, пастыр і суддзя, які паказвае крытэрыі прыналежнасці да Божага Валадарства. Тут усе гэтыя крытэрыі», — зазначыў Святы Айцец.
Аналізуючы ўрывак з Евангелля паводле Мацвея (Мц 25, 31-40), калі Езус распавядае вучням пра Апошні суд, Святы Айцец асаблівую ўвагу звяртае на ўрывак Мц 25, 40 — «тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі».
«Гэтыя словы ніколі не перастаюць выклікаць у нас здзіўленне, бо паказваюць, да якой ступені даходзіць Божая любоў: ажно да таго, што Ён атаясамлівае сябе з намі, але не тады, калі нам добра, калі мы здаровыя і шчаслівыя, але калі мы знаходзімся ў патрэбе. І такім нябачным чынам Ён дазваляе з Ім сустрэцца, працягвае да нас руку, як жабрак. Так Езус паказвае вырашальны крытэрый свайго суду, а менавіта — канкрэтную любоў да бліжняга ў цяжкай сітуацыі. Так выяўляецца сіла любові, каралеўская годнасць Бога, які яднаецца з кожным, хто пакутуе, каб паўсюль выклікаць адносіны і справы міласэрнасці», — заўважае Пантыфік.
Прыпавесць пра суд працягваецца аповедам пра тое, як кароль аддаляе ад сябе тых, хто ў сваім жыцці не турбаваўся патрэбамі братоў. Тыя, каго Езус аддаляе ад сябе, задаюць Яму пытанне: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?» (пар. Мц 25, 44). Але кароль адкажа: «Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне» (пар. Мц 25, 45).
«Напрыканцы нашага жыцця мы будзем асуджаныя паводле любові, гэта значыць паводле нашых канкрэтных старанняў любіць Езуса і служыць Яму ў нашых найменшых і найбольш патрабуючых братах. Гэты жабрак, гэты небарака, які працягвае руку, — гэта Езус; хворы, якога трэба наведаць, — гэта Езус; вязень — гэта Езус; галодны — гэта Езус. Падумаем пра гэта», — заклікаў папа Францішак.
На завяршэнне свайго слова Пантыфік заўважыў, што, нягледзячы на тое, што Езус прыйдзе напрыканцы часоў, «каб судзіць усе народы», Ён прыходзіць да нас кожны дзень у выглядзе найбольш убогіх.
«Няхай Панна Марыя дапаможа нам сустрэць Яго і прыняць у Ягоным слове і ў Эўхарыстыі, а разам з тым — у братах і сёстрах, якія пакутуюць ад голаду, хваробаў, уціску, несправядлівасці. Няхай жа нашыя сэрцы прымуць Яго ў штодзённым жыцці, каб і Ён прыняў нас у вечнасці свайго Валадарства святла і супакою», — заключыў Святы Айцец.