На плошчы перад базылікай св. Пятра ўжо пачалі ўсталёўваць жалезныя канструкцыі для сёлетняй стаенкі. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 7 снежня, у вечар урачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, хоць Дзіця ў стаенцы з’явіцца толькі 25 снежня.
Уся экспазіцыя вышынёй амаль 7 метраў займае плошчу каля 83 квадратных метраў. Сёлетняя сцэна з Божага Нараджэння будзе ў неапалітанскім стылі. Статуі для стаенкі ў чалавечы рост — падарунак тэрытарыяльнага абацтва Монтэверджыне, што ў правінцыі Беневента.
Традыцыю ўсталёўваць стаенкі на Божае Нараджэнне распачаў святы Францішак Асізскі. Першую стаенку ён падрыхтаваў у 1223 годзе ў мястэчку Грэччо ў Італіі. Святы імкнуўся такім чынам перанесці акцэнт у святкаванні Божага Нараджэння на пашану Езусу. Ужо праз 100 гадоў святочныя шопкі былі ўсталяваны ва ўсіх італьянскіх святынях. Цікава, што першая стаенка ў самім Ватыкане з’явілася толькі 35 гадоў таму па ініцыятыве св. Яна Паўла II.
Як паведамлялася, сёлета плошчу св. Пятра будзе ўпрыгожваць 28-метровая ялінка, якая прыбудзе з поўначы Польшчы і мае ахоп унізе кроны каля 10 метраў.
Упрыгожванні для яе, як і ў папярэднія гады, робяць дзеці, хворыя на рак, з розных італьянскіх бальніц, якія разам з бацькамі бяруць удзел у праграме рэкрэатыўнай керамікатэрапіі. Яны зробяць гліняныя шары і зоркі, якія пазней будуць узноўлены з сінтэтычных матэрыялаў.
Сёлета да іх далучацца таксама дзеці, якія паходзяць з цэнтральнаітальянскіх рэгіёнаў, што пацярпелі ад землятрусаў.