Папа Рымскі стварыў новую структуру ў межах ватыканскага Дзяржсакратарыяту. Секцыяй па справах дыпламатычнага персаналу Святога Пасаду — так гучыць яе поўная назва — будзе кіраваць Упаўнаважаны па справах папскіх прадстаўніцтваў. Гэту функцыю сёння выконвае польскі арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі.
Як гаворыцца ў спецыяльнай заяве, рашэнне Святога Айца мае на мэце прадэманстраваць увагу і блізкасць Пантыфіка і кіраўніцтва Дзяржсакратарыяту да ватыканскага дыпламатычнага персаналу. Таму ўпаўнаважаны атрымае ўсе неабходныя магчымасці для рэгулярнага наведвання папскіх прадстаўніцтваў.
Трэцяя секцыя будзе займацца выключна пытаннямі, звязанымі з асобамі, якія працуюць на дыпламатычнай службе Святога Пасаду або рыхтуюцца да гэтага, уключаючы: пачатковую і бесперапынную фармацыю, умовы жыцця і службы.
У выкананні гэтых функцый секцыя будзе карыстаецца правам аўтаноміі, імкнучыся ўсталяваць цеснае супрацоўніцтва з дзвюма іншымі секцыямі Дзяржсакратарыяту: па агульных пытаннях і па адносінах з дзяржавамі.
Таму Упаўнаважаны па справах папскіх прадстаўніцтваў будзе прымаць удзел у штотыднёвых каардынацыйных нарадах пад старшынствам Дзяржаўнага Сакратара, а таксама ў сустрэчах, прысвечаных прызначэнню папскіх прадстаўнікоў. Акрамя таго, ён будзе несці адказнасць, разам з кіраўніком Папскай касцёльнай акадэміі, за адбор і падрыхтоўку кандыдатаў на дыпламатычную службу Святога Пасаду.
57-гадовы арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі паходзіць з дыяцэзіі Быдгашч у Польшчы. З 1991 г. знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. 7 снежня 2015 г. папа Францішак прызначыў яго Упаўнаважаным па справах папскіх прадстаўніцтваў.