Пошук


Ідэалагічная і культурная каланізацыя не прызнае адметнасцяў і падштурхоўвае да пераследу вернікаў, адзначыў папа Францішак 21 лістапада падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Другой кнігі Макабэяў (2 Мак 6, 18-31), у якой апавядаецца пра мучаніцтва Элеязара, які вырашыў, што лепш памерці, чым прыняць язычніцкія звычаі.

Па словах Пантыфіка, гісторыя Элеязара актуальная і сёння. Ён стаў ахвярай сапраўднай культурнай каланізацыі, калі новая культура пачынае адчужаць усе існуючыя традыцыі і спрабуе ўніфікаваць усё. «Не прымаючы спакуслівых прапановаў гэтага свету, таксама і сёння шматлікія вернікі становяцца мучанікамі», — лічыць Папа.

Святы Айцец паставіў у прыклад выпадкі генацыду мінулага стагоддзя, падчас якіх людзей забівалі толькі таму, што яны лічыліся адметнымі. Як дадаў папа Францішак, такое стаўленне з’яўляецца коранем зла, у ім няма месца для іншых, няма месца для Бога.

Паводле Святога Айца, язычніцкая культура, з якой сутыкнуліся ізраільцяне, была для іх новай. Таму заўсёды трэба глыбока разважаць над новымі з’явамі: яны паходзяць ад Бога і Святога Духа ці маюць у сабе корань зла?

Папа заўважыў, што адной з сучасных жудасных справаў стала забойства дзяцей. Раней гэта было абсалютна непрымальна, але сёння ёсць людзі, для якіх «гэта не ўяўляе вялікай праблемы», — і гэта новае зло.

Папа Францішак перакананы: важна з разважлівасцю ставіцца да рэчаіснасці і бачыць стварэнне разнастайным, такім, якім яго задумаў Бог. «Формы ідэалагічнай і культурнай каланізацыі ўспрымаюць толькі сучаснасць, не прымаючы мінулага і не гледзячы ў будучыню. Яны жывуць момантам, а не часам, і таму не могуць абяцаць нам нічога», — падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Папы, уласцівая сучаснай культуры і ідэалагічнай каланізацыі схільнасць да «ўраўнілаўкі і адмаўлення адметнасцяў» — гэта грэх супраць Бога-Стварыцеля, таму што з’яўляецца спробай змяніць тое, што Ім было створана. «Супраць гэтай з’явы, якая здаралася шмат разоў у гісторыі, ёсць адны лекі: сведчанне, якім з’яўляецца мучаніцтва», — адзначыў Святы Айцец.

Абноўлена 21.11.2017 17:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.