Пошук


Папа Францішак прызнаў гераічнасць цнотаў Слугі Божага Яна Паўла I — Пантыфіка, якога абралі ў 1978 годзе і які ў тым жа годзе адышоў у вечнасць.

8 лістапада папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва і гераічнасці цнотаў новых кандыдатаў да хвалы алтароў. Такім чынам адкрыта дарога да абвяшчэння іх святымі.

Мучанікамі былі прызнаны венгерскі дыяцэзіяльны святар Ян Брэнэр, забіты з нянавісці да веры 15 снежня 1957 г. у сябе на радзіме, і італьянская законніца Леанэла Згарбаці з Інстытута Місіянерак Найсвяцейшай Панны Марыі Суцяшальніцы, забітая з нянавісці да веры 17 верасня 2006 г. у Самалі.

Ухваленыя Пантыфікам дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў, апрача папы Яна Паўла I (Альбіна Лучані), тычацца: благаслаўлёнага Бернарда II, маркграфа нямецкага Бадэна, які жыў ў сярэдзіне XV ст. і памёр 15 ліпеня 1458 г.; італьянскага айца-францішканіна Грэгорыа Фьёраванці, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Місіянерак Найсвяцейшага Сэрца, які адышоў у вечнасць 23 студзеня 1894 г.; венесуэльскага айца-езуіта Тамаса Маралеса Пэрэса, заснавальніка свецкіх Інстытутаў Cruzados і Cruzadas de Santa María, які памёр 1 кастрычніка 1994 г. у іспанскім горадзе Алькала-дэ-Энарэс; італьянскага свецкага верніка Марцэліна да Капрадоса, члена трэцяга закона Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў, які памёр 26 лютага 1909 г.; свецкай верніцы Тэрэзы Фардэла, заснавальніцы «Інстытута Бедных Сясцёр Дачок Марыі Найсвяцейшага Укаранавання».

Абноўлена 10.11.2017 09:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.